Зміцер Кучук: Рыхтуем зялёную рэвалюцыю
Новым старшынёй Беларускай партыі „Зялёныя” абраны Зміцер Кучук.
Барацьба за старшынства ў партыі была жорсткай. Толькі на 2 галасы абыйшоў Зміцер Кучук сваю канкурэнтку, кіраўніцу грамадскай арганаізацыі „Экадом” Ірыну Сухій. У размове з карэспандэнтам Радыё Рацыя новы кіраўнік партыі распавёў аб перспектывах яе развіцця.
Зміцер Кучук: На з’ездзе разглядаліся дзве стратэгіі. Першая – заставацца такімі, як ёсць зараз. Гэта больш падобна на экалагічныя грамадскія арганізацыі.
Ці абраць другую стратэгію і ператвараць экалагічны актывізм у палітычны актывізм і больш займацца выбарчымі кампаніямі, назіраннем за выбарамі, дамагацца справядлівых выбараў, рэгістраваць новыя рэгіянальныя структуры, – такім чынам умацоўваць нашу палітычную моц і палітычны ўплыў, каб мы станавіліся большай палітычнай сілай ва ўмовах Беларусі.
RR: Здзівіла, што на з’ездзе было прынята рашэнне не ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах.Чаму?
Зміцер Кучук: Не ўдзельнічаць у праймерыз па вылучэнню адзінага кандыдата. Такое рашанне было. Так, гэта, на жаль, рашэнне з’езду. І яно ў нейкай ступені супярэчыць той стратэгіі, якую мы выбралі. Таму што большасць, прагаласаваўшы за маю стратэгію развіцця на 4 гады, як раз такі падтрымала мяне. А вось у гэтым пытанні было некалькі іншае галасаванне. Таму я буду фармаваць надалей сваю дзейнасць з улікам таго, што партыя ў гэты раз не будзе ўдзельнічаць у праймерыз па вылучэнню адзінага кандыдата.
RR: Але ж у самой кампаніі, мабыць, будзеце ўдзельнічаць? У назіранні, у агітацыі за нейкіх кандыдатаў, ці абсалютна выходзіце з гэтай гульні?
Зміцер Кучук: Не, канешне. Зараз мы будзем удзельнічаць. Абавязкова будзем удзельнічаць у назіранні. Абавязкова ў некаторых іншых працэсах, якія нам будуць цікавы. Магчыма, у паездках па рэгіёнах, нейкіх публічных выступах. Магчыма, у межах супрацы з адзіным дэмакратычным кандыдатам, каб ён быў таксама у нейкай ступені „зялёным”. Нам бы таксама хацелася ўдзельнічаць, калі адзіны кандыдат будзе абраны дэмакратычнымі арганізацыямі.
RR: Удзел партыі ў палітычным жыцці краіны тым больш важны, што Беларусь пацярпела ад наступстваў аварыі на Чарнобылькай АЭС і гэтыя наступствы і зараз яшчэ не пераадолены.
Зміцер Кучук: Так, у нас у партыі каля 800 чалавек з Гомельскага рэгіёну, найбольш пацярпелага. І Беларуская партыя „Зялёныя”, можна сказаць, выйшла, нарадзілася з гомельскай арганізацыі. І вось зараз людзі адтуль прыехалі на з’езд. І іх удзел у галасаванні быў вырашальным, каб памяняць стратэгію.
RR: А вось улады Беларусі, здаецца, не вынеслі ўрокаў з аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Пабудавана атамная электрастанцыя ў Астраўцы. Хаця яна яшчэ не пачала працаваць, але тым не менш, пагроза, так бы мовіць, закладзена ў будучыню краіны.
Зміцер Кучук: Так, я думаю, што гэтую тэму трэба выносіць як раз такі ў палітычную плоскасць. У сваім выступе на з’ездзе я гаварыў, што, на жаль, нас, як „зялёную” партыю, пазыцыянуюць больш як экспертаў, а не як палітыкаў. А тут патрэбна як раз палітычнае рашэнне, каб спыніць пуск АЭС. І хаця эксперты таксама ўдзельнічаюць у выпрацоўцы гэтых рашэнняў, але ўсё ж трэба больш націскасць на палітычны складнік будаўніцтва АЭС.
RR: А чаму, па Вашаму меркаванню, яна яшчэ не пачала працаваць?
Зміцер Кучук: Я думаю, таму што пасля запуску трэба пачынаць аддаваць крэдыты Расеі. А крэдыты складаюць у год парадку 600 мільёнаў даляраў. І з улікам таго, што ў нас з Расеяй зараз складаныя адносіны ў паліўна-энергэтычным комплексе – з нас патрабуюць больш плаціць за газ і нафту, а мы ўсё спрабуем выбіць нейкія больш ільготныя ўмовы, то, канешне, разумней зараз АЭС не запускаць, каб не выплочваць крэдыт. Мне падаецца, што гэта асноўны фактар, чаму Астравецкая АЭС яшчэ не пачала працу.
RR: А праблема захавання адкідаў працы АЭС таксама ж не вырашаная?
Зміцер Кучук: Не. І як раз напярэдадні запуску павінна быць заключана пагадненне з Расейскай Федэрацыяй аб тым, што яны будуць перапрацоўваць гэтыя адкіды. Гэтага пагаднення пакуль няма. А каб будаваць участак па захаванню адкідаў у Астраўцы, трэба яшчэ дадаткова 3 з паловай мільярдаў даляраў. І гэта таксама, мабыць, улічвае Мінэнэрга ў прыняцці вырашэння аб запуску АЭС. Наша патрабаванне, што прасцей не запускаць, чым і надалей уцягвацца ў эканамічную кабалу Расеі.
RR: Яшчэ адна вострая і глабальная для Белаурсі праблема – гэта ціск, які зараз ажыццяўляецца з боку Расеі на Беларусь. З дапамогай такіх рычагоў, як пастаўкі танных газу і нафты, ствараюцца праблемы для беларускага суверэнітэта. Фактычна распачынаецца энергэтычная вайна.
Зміцер Кучук: Беларуская партыя „Зялёныя” глядзіць на гэтую праблему крыху з іншага ракурсу. Трэба разумець, у якім напрамку рухаецца свет. Справа ў тым, што праз 4 – 5 гадоў, у Еўропе, па некаторых экспертных ацэнках, ужо каля 30 працэнтаў людзей перасядуць на электрамабілі. Далей болей. І Беларусь не абыходзяць гэтыя працэсы, тут таксама будуюцца элетразаправачныя станцыі. І гэты трэнд будзе нарастаць. Таму калі мы будзем па-ранейшаму рабіць стаўку на нафту, каб рабіць паліва і прадаваць яго ў Еўропу, то гэта памылковая стратэгія. Нам неабходна думаць аб стратэгіі большай незалежнасці, у тым ліку энергетычнай, і адыходзіць ад уплыву нафты і газу на нашу эканоміку. Трэба выпрацоўваць іншыя варыянты развіцця энергетыкі ў Беларусі.
RR: А ёсць у Беларускай партыі „Зялёныя” праграма развіцця менавіта такога накірунку?
Зміцер Кучук: Разам з нашымі экспертамі ў мінулым годзе была падрыхтаваная так званая „энергетычная рэвалюцыя”. У распрацоўцы дакументу ўдзельнічалі і еўрапейскія адмыслоўцы. Гэта такі дакумент, дзе мы апісваем гэтыя тэндэнцыі, тое, што адбываецца ў свеце і тую стратэгію, якую мы прапаноўваем. Такі дакумент распрацаваны і ва Украіне. І яны зараз гэтым вельмі актыўна займаюцца, адыходзяць ад залежнасці ад Расеі. Таму, я думаю, было б нашмат лепш, каб і ў Беларусі прыслухаліся да рэкамендацый гэтага дакумента.
RR: Ва ўсіх гэтых непаразуменнях з Расеяй у так званай энергетычнай вайне галоўнае, што з дапамогай эканамічных інструментаў усходняя суседка спрабуе абмежаваць суверэнітэт Беларусі, калі не ўвогуле паглынуць. Ваша стаўленне да гэтых працэсаў, да ўдзелу у барацьбе за адстойванне суверэнітэту?
Зміцер Кучук: Нашы актывісты і я асабіста выходзілі на вуліцы і пратэставалі супраць тых інтэграцыйных дакументаў, якія навязвала Расея. Я выступаў тады як адзін з арганізатараў правядзення апошніх масавых выступаў, таксама быў у аргкамітэце пратэстаў. Ужо пакараны, аштрафаваны за гэта. Мы, канешне, негатыўна адносімся да такой стратэгіі Расеі. Але апошнія навіны, што Пуцін перадумаў у некаторай ступені, як вырашаць праблему свайго знаходжання ва ўладе пасля 2024 года, – раней хадзілі здагадкі, што праз аб’яднанне Расеі і Беларусі і ўзначальванне гэтага новага саюзу. Зараз ён ад гэтай ідэі быццам адмовіўся, і ў нас з’явілася магчымасць крыху перавесці дыханне, наколькі я разумею. Але ўсё роўна трэба трымаць вуха востра і даводзіць грамадству, што незалежнасць – гэта вельмі важны складнік жыцця кожнага. Я думаю, што 90 працэнтаў людзей разумее гэтую праблему менавіта так і гатовыя адстойваць свае інтарэсы.
А мы як палітычная партыя павінны фармуляваць гэтыя думкі і жаданні грамадзянаў краіны і ставіць перад урадам, перад дзяржавай патрабаванні, што мы хочам жыць у незалежнай краіне, а не ў губерніі Расеі, – кажа Зміцер Кучук.
Беларускае Радыё Рацыя