Зміцер Кучук: Улады Беларусі адкрылі скрыню Пандоры
Міграцыйны крызіс становіцца праблемай не толькі для Еўропы, але і для Беларусі. Мігранты, якіх не пускаюць памежнікі Польшы, Латвіі і Літвы, збіраюцца ў памежных раёнах Беларусі і ў Менску. Днямі Беларуская партыя “Зялёныя” аказала гуманітарную дапамогу невялікай групе ўцекачоў з Ірану – арганізавалі ім начлег на час халодных ночаў у адным з памяшканняў.
Пра гэта нам распавёў кіраўнік партыі Зміцер Кучук:
– У Менску зараз заўважна, што колькасць мігрантаў вельмі вялікая. Людзі шукаюць месца, дзе можна пераначаваць. У некаторых мігрантаў заканчваюцца візы, заканчваюцца грошы, дзесьці губляюць пашпарты, і, адпаведна, яны не могуць афіцыйна рассяліцца. Нам прыйшлося ім дапамагчы з размяшчэннем. Бо трэба дапамагаць людзям навт з улікам таго, што яны мігранты.
РР: З якой краіны яны былі?
Зміцер Кучук: Гэта былі мігранты з Ірана. Усе мы разумеем, што ў Іране сітуацыя падобная да сітуацыі ў Беларусі. Там таксама дыктатар. І таксама людзі ўцякаюць па палітычных матывах з гэтай краіны і сутыкаюцца з тымі ж праблемамі, з якімі сутыкаюцца беларусы.
РР: Вы не спрабавалі ім патлумачыць, што ўлады Беларусі іх выкарыстоўваюць супраць Польшчы, Літвы, Латвіі, каб стварыць напружанасць на мяжы?
Зміцер Кучук: Я думаю, што яны выдатна арыентуюцца ў беларускіх рэаліях. Бачна, што людзі дастаткова напалоханыя, яны баяцца нават размаўляць з людзьмі, бо трэба разумець, што яны, магчыма, упершыню выехаліі са сваёй краіны. Яны баяцца міліцыянтаў і ўсяго астатняга. Але гэты страх яны пераадольваюць, бо хочуць лепшага жыцця для сябе, для сваіх дзяцей. Таму выбар у гэтых людзей, на жаль, невялікі. Альбо трапіць пад рэпрэсіі ў сваёй краіне, альбо спрабаваць шукаць лепшага жыцця. У іх яшчэ ёсць сродкі да існавання, яны ахайна апранутыя, але калі яны не трапяць у краіны Еўразвяза, то беларусы сутыкнуцца з праблемамі, што з імі далей рабіць. І грошы маюць звычку заканчвацца. А ў Беларусі таксама шмат не заробіш. Таму ўлады Беларусі сапраўды адкрылі скрыню Пандоры і будуць больш і больш сутыкацца з міграцыйным крызісам.
Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя