Зміцер Левіт: Якія гэта выбары, калі пераможца ўжо вядомы?
У Нью-Ёрку працягваюцца пратэстныя акцыі каля будынка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Прычына пратэстаў – удзел у сесіі Генеральнай асамблеі ААН лідараў краін, якія маюць рэпутацыю дыктатарскіх. Найбольшае абурэнне ўдзельнікаў пратэстных акцый выклікала запрашэнне ў Нью-Ёрк расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і беларускага кіраўніка Аляксандра Лукашэнкі.
Наш карэспандэнт Марцін Война пагутарыў са Зміцерам Левітам, беларускім актывістам і адным з удзельнікаў беларускай пратэстнай акцыі каля будынка ААН у Нью-Ёрку.
Зміцер Левіт: Пікет праводзіўся насупраць будынка Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Найбольш актыўнымі выявіліся беларусы і ўкраінцы. Таксама былі прадстаўнікі краін Балтыі.
РР: Колькі ўсяго людзей брала ўдзел у пратэстах?
Зміцер Левіт: Некалькі сотняў.
РР: Пад якімі лозунгамі праходзілі пратэсты?
Зміцер Левіт: Супраць Пуціна, супраць Расеі, супраць вайны ва Украіне.
РР: Ці згадвалася ўдзельнікамі акцыі каля ААН сітуацыя ў Беларусі?
Зміцер Левіт: Вядома ж, так. Былі антылукашэнкаўскія лозунгі, а таксама лозунгі супраць расейскай вайсковай базы ў Беларусі.
РР: У прамове на Генеральнай Асамблеі ААН Аляксандр Лукашэнка прыгадаў Кадафі, Хусэйна ды іншых зрынутых дыктатараў. Чаму менавіта іх, на ваш погляд?
Зміцер Левіт: А хто ведае, што цяпер у ягонай галаве? Я не разумею, якое дачыненне менавіта гэтыя дыктатары маюць да яго. Можа, такім чынам ён хоча даць зразумець, што амерыканцы прагнуць зрынуць і яго? Неяк адціснуць ад улады, што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. Але ж трэба паказаць, пэўна, што яго атачылі ворагі…
РР: То бок, правальная эканамічная сітуацыя ў Беларусі – гэта, з пункту гледжання Лукашэнкі, выключна віна Амерыкі?
Зміцер Левіт: Дык трэба ж кагосьці вінаваціць! Пуцін вінаваціць амерыканцаў у тым, што ён уварваўся ва Украіну. Усім дыктатарам трэба знайсці вінаватага “з боку”, і Лукашэнка ў гэтым выпадку не выключэнне.
РР: У размове з вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Зеядам Раадам Аль-Хусэйнам Аляксандр Лукашэнка заявіў наступнае: “Мы ніколі не дазволім, каб нам навязвалі так званыя правы чалавека”…
Зміцер Левіт: Я нават не ведаю, што Лукашэнка лічыць “правамі чалавека”. Напэўна, “чарку і шкварку”…
РР: Наколькі падобныя акцыі дзейсныя, на ваш погляд?
Зміцер Левіт: Людзі проста выказваюць стаўленне да пэўных палітыкаў і пэўных падзеяў. А наколькі яны дзейсныя… У тае ступені, у якой яны асвятляюцца медыя.
РР: А ці быў нейкі розгалас у СМІ?
Зміцер Левіт: Бачыў журналістаў, нехта здымаў. Таксама былі і ўкраінскія сродкі масавай інфармацыі.
РР: На ваш погляд, і візіт Лукашэнкі да Злучаных Штатаў, і ягоны выступ на Генасамблеі ў ААН нейкім чынам можна звязаць з прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі?
Зміцер Левіт: Гэтыя выбары праводзяцца толькі дзеля таго, каб Захад іх прызнаў. Якія могуць быць выбары, калі пераможца ўжо вядомы?
Odtwarzacz plików dźwiękowych
Мяркуецца, што пратэстныя акцыя будуць працягвацца да заканчэння паседжання Генасамблеі ААН 3 кастрычніка.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
На здымку: Зміцер Левіт у час пікета насупраць ААН
