Зміцер Лупач: Не ў маіх маральных прынцыпах быць „стукачом”



Супрацу з Камітэтам Дзяржаўнай Бяспекі прапаноўвалі журналісту Змітру Лупачу супрацоўнікі Глыбоцкага аддзялення.

Каб схіліць яго да супрацы, прадстаўнікі КДБ выкарыстоўвалі розныя метады: ад запужвання яго асабіста да стварэння праблемаў у сям’і.

Пераследваць Змітра пачалі месяц таму, пачынаючы з падаткавай інспекцыі.

lupachммм

Пра гэта і іншае ён распавядае Таццяне Смоткінай.

РР: Як вы лічаце, з чым звязаны гэты пераслед? Можа, з надыходзячымі прэзідэнцкімі выбарамі?

Зміцер Лупач: Думаю, гэта звязана з маёй журналісцкай дзейнасцю. І, канешне, з прэзідэнцкімі выбарамі. Бо яны зачышчаюць сваю інфармацыйную прастору, каб усё было ціха, добра.

РР: Наколькі я ведаю, з вамі яшчэ размаўлялі прадстаўнікі КДБ. Што яны казалі? Як спрабавалі ўздзейнічаць на вас? Што прапаноўвалі?

Зміцер Лупач: Тут у мяне ўвогуле пачаліся праблемы з падатковай. Гэта таксама звязана з маёй дзейнасцю. Там мяне аштрафавалі, запатрабавалі дэкларацыю за 4 гады. Знайшлі нейкае перавышэнне маіх выдаткаў над даходамі. У выніку я вымушаны быў заплаціць больш 8 мільёнаў ім. Думаю, гэтым скарысталіся, пабачыўшы, што маю праблемы. І вырашылі дадушыць. Так, у адзін дзень выклікалі мяне па журналісцкай справе ў міліцыю, пазней – у фінансавую, дзе папярэдзілі за гэтую справу з падатковай. Пасля зайшлі два чалавекі, якія прадставіліся супрацоўнікамі контрразведкі з Менска.

РР: Яны паказвалі пасведчанні? Вы запомнілі іх прозвішчы?

Зміцер Лупач: Не. Знянацку атрымалася гэтая сустрэча. Я быў непадрыхтаваны.

Пачалі пытацца, як я пазнаёміўся з грамадзянінам Польшчы. Казалі, што, магчыма, ён нейкі шпіён. На гэта я адказаў: “Калі ён шпіён, і вы гэта напэўна ведаеце, то не пускайце яго”. Пасля яны пачалі на павышаных тонах: “У цябе дачка вучыцца там па праграме Каліноўскага. За якія гэта заслугі?” Пасля пачалі пагражаць праблемамі ў сям’і.

РР: А казалі, якія могуць быць праблемы?

Зміцер Лупач: Не. У нас, як заўсёды: яны намякаюць, а далей чалавек дадумвае сам. І, як правіла, дадумвае горшы сцэнар.

РР: Галоўнае – запужаць. Такая тактыка.

Зміцер Лупач: Так. Пасля яны пачалі цікавіцца маімі дзвюма паездкамі ва Украіну, цікавіліся Белсатам. Паказалі мне цэлую кіпу папер, сярод якіх вынікі экспертызы, дзе ідэнтыфікаваны мой голас. Нібыта я выказваўся ў артыкуле, які дыскрэдытуе Рэспубліку Беларусь.

Пасля ўжо я распытаў, даведаўся, што такія экспертызы дарагія і на іх вялікія чэргі. Тым больш праводзяцца яны ў межах крымінальных спраў. Думаю, я не такая вялікая птушка, каб на мяне выдаткоўваць такія вялікія грошы. Падаецца, што гэта было сказана, каб напужаць.

Пасля паказалі мне паперку, дзе зверху было напісана “Служба Бяспекі Украіны”. І нібыта паводле іх дадзеных, я быў у Кіеве на семінары, прадстаўляўся супрацоўнікам Еўрарадыё, Белсата. Хоць я вельмі сумняюся, што гэта насамрэч прыйшло з СБУ. Хутчэй за ўсё яны апыталі кагосьці з тых, хто ездзіў, і зрабілі такую паперу. Подпіс бачыў, а пячаткі нават не магу успомніць.

Дапытвалі яны мяне доўга. Пасля іх я размаўляў яшчэ з нашымі мясцовымі супрацоўнікамі. Не ведаю чаму, але яны цікавіліся, дзе я быў 13-га чысла. Я тады быў у Ваўкавыску, на адкрыцці новага касцёла. Запыталіся, з кім ездзіў.

РР: Магчыма, каб паразмаўляць з ксяндзом, каталіцкімі святарамі, іх запужаць?

Зміцер Лупач: Я супрацоўнічаю з “Каталіцкім Веснікам”. Дапамагаю рабіць газету. Казалі, што і адтуль могуць нас прыбраць.

РР: А што было далей? Вось вы паразмаўлялі, а што пасля? Яны прапаноўвалі нейкую супрацу?

Зміцер Лупач: Не, пасля гэтага яны мяне адпусцілі. Быў ужо вечар.

Але пазней патэлефанаваў мне мясцовы супрацоўнік міліцыі і прапанаваў сустрэцца. Я ведаў, чым усё скончыцца. Але была дурная журналісцкая цікаўнасць: хацелася паглядзець, што яны будуць прапаноўваць. А прапанавалі супрацу з імі. Тады ў мяне не будзе праблем. Бо ім патрэбна інфармацыя пра тое, што тут адбываецца.

РР: Якая інфармацыя ім патрэбна? Якога кшталту?

Зміцер Лупач: Найбольш іх цікавіла, хто сюды прыязджае з Менска, з Віцебска, што праводзіцца, чаму нас вучаць. Казалі, што хутка будуць прэзідэнцкія выбары, і патрэбна, каб было спакойна ў рэгіёне. Я адказаў, што мы не ствараем вялікай пагрозы, што ёсць куды большая небяспека. А пасля, каб хутчэй адчапіцца, я сказаў, што падумаю. На гэтым і скончылася ўсё.

Пазней я распавёў пра гэта сваім калегам і яшчэ некалькім сябрам. Не хацелася вельмі разгалошваць. Думаў, што на гэтым усё скончыцца. Але не атрымалася: працягваецца запалохванне, пагрозы праблемамі ў жонкі, дзяцей і самога. Таму вырашыў пра гэта распавесці.

Па словах Змітра Лупача, не ў яго маральных прынцыпах быць „стукачом”. А пра тых, хто такім становіцца, рана ці позна, але стане ўсім вядома, як, напрыклад, было з ксяндзом Булькам. Бо ці каштуе больш нават увесь мосарскі касцельна-паркавы ансамбль за адзін зламаны чалавечы лёс?..

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя