Зміцер Паліенка: Яны наогул не заслугоўваюць пазбаўлення волі
Прадстаўнік анархічнага руху Зміцер Паліенка распавёў, чаму палітвязням Мікіту Емельянаву і Івана Комару зменшылі пакаранне.
Як вядома, 27 сакавіка судовая калегія Менскага гарадскога суда разглядзела апеляцыйныя скаргі актывістаў анархісцкага руху Мікіты Емельянава і Івана Комара, якія праваабарончай супольнасцю прызнаныя палітзняволенымі.
У выніку прысуд быў зменены: Мікіта Емельянаў атрымаў 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; Іван Комар – 3 гады і 6 месяцаў.
Раней судом Савецкага раёна Менска актывістам было прызначана пакаранне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі кожнаму.
Зміцер Паліенка: Хлопцы наогул не заслугоўваюць пакарання, звязанага з пазбаўленнем волі. Некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі, якія крадуць сотнямі тысяч даляраў, атрымліваюць меншыя тэрміны, а тут шкоды на 100 рублёў, а справу раздзьмулі на ўвесь свет. Але не варта забываць, што ўсе суды ў нас цалкам залежныя ад тых, хто стаіць над імі. Пры дыктатуры сумленных і справядлівых судоў не можа існаваць.
РР: Але Менскі гарадскі суд зменшыў тэрміны зняволення…
Зміцер Паліенка: Натуральна, добра што тэрміны зменшаны, але і тут трэба разумець, што такія “пернікі” дзяржава падаравала толькі таму, што Комар і Емяльянаў прызнаныя палітвязнямі. Ім трэба паказаць, што дзяржава, маўляў, адказна падышла да справы і як быццам справядліва разабралася ў ёй. Перад міжнароднымі еўрапейскімі структурамі трэба ж будзе трымаць справаздачу.
Насамрэч, як ужо казаў, пакаранне ўсё роўна несуразмернае таму, што хлопцы зрабілі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя