Зміцер Салаўёў: Лічбы адрозніваюцца



Выбары адзначыліся інцыдэнтамі з назіральнікамі. Цягам галасавання неаднойчы фіксавалася выдаленне назіральнікаў па надуманых прычынах. Не абыходзілася без міліцыі. Да прыкладу, міліцыю выклікалі на Веру Свяцкую, у Наталлі Гарачкі праваахоўнік адабраў відэакамэру, затрыманы назіральнік Пётр Маркелаў.

Зміцер Салаўёў

Каментуе сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Зміцер Салаўёў:

– Незалежныя назіральнікі лічылі яўку паралельна, як мы бачым лічбы гэтыя адрозніваюцца. На некаторых участках на дзясяткі выбаршчыкаў, на сотні выбаршчыкаў, і гэта можа сведчыць пра тое, што можа быць нейкая фальсіфікацыя вынікаў выбараў. Зараз яны праводзяць у адзін тур, бачна, што ўлады нервуюцца, вельмі жадаюць, каб былі абраныя зацверджаныя імі кандыды.

Як зазначае Зміцер Салаўёў, ад пачатку датэрміновага галасавання ўлады імкнуліся загнаць на ўчасткі як мага большую колькасць выбаршчыкаў, у тым ліку студэнтаў, каб потым маніпуляваць бюлетэнямі.

Вынікі свайго маніторынгу праваабаронцы „Вясны” і Беларускага Хельсінкскага Камітэту прадставяць ужо сёння.

Стас Дэдэрка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск