Зміцер Ціт: Нас вельмі прыязна сустракаюць па ўсёй Гарадзеншчыне



Давераныя асобы кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай аб’ехалі амаль усе вялікія гарады вобласці з пікетамі.

Як сустракаюць давераных асобаў кажа Зміцер Ціт, малады чалавек, што нядаўна стаў даверанай асобай Святланы Ціханоўскай:

– У большасці рэгіёнаў вельмі шмат актывістаў. Людзі чакаюць нас, канешне ў першую чаргу Святлану, але таксама вельмі добра сустракаюць нас. Смаргонь вельмі добра нас сустрэла, мясцовыя актывісты дапамаглі, распаўсюдзілі інфармацыю. Вельмі шмат людзей прыходзіла выказвацца, што нас вельмі таксама ўсцешыла. Далей мы пераехалі ў Астравец. Горад канешне застрашаны, тут няма чаго хаваць. Людзей было не так шмат, гэтаму паспрыяла мясцовая адміністрацыя. Выдзелілі нам пляцоўку ў тым раёне, дзе жывуць камандзіровачныя людзі з Расеі. Людзі прыйшлі, але баяліся выказацца.

Па яго словах паездкі прадстаўнікоў давераных асобаў па Гарадзеншчыне будуць працягвацца:

– Мы плануем наведаць Ваўкавыск, бо там вельмі актыўныя людзі. Там, дзе мы былі, у некаторых месцах выйшла нечакана шмат людзей. У Ашмянах вельмі актыўныя людзі – старыя, моладзь, усе катэгорыі насельніцтва. Далей Карэлічы. Здавалася б, што гэта невялікі населены пункт, там быў праліўны дождж, моцны вецер. Наш намёт зносіла ветрам, але людзі працягвалі стаяць, мы выступалі пад дажджом, людзі стаялі. Наваградак, вельмі шмат актыўных людзей.

З-за затрыманняў актывістаў з групы Святланы Ціханоўскай ў ініцыятыўнай групе засталося працаваць тры чалавекі, але па словах Змітра Ціта фактычна працуюць толькі двое і ім прыходзіцца працаваць кругласуткава.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча