„Змякчэнне санкцый будзе садзейнічаць умацаванню незалежнасці Беларусі”



Змякчэнне санкцый будзе садзейнічаць умацаванню эканамічнай і палітычнай незалежнасці Беларусі, яе суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, заявіла намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Еўропы і Еўразіі Брыджыт Брынк на брыфінгу ў Менску 18 кастрычніка.

Брынк паведаміла, што сёння ў яе адбыліся перамовы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці, апазіцыйных партый, а таксама праваабарончага руху, у ходзе якіх абмеркаваны ўвесь спектр двухбаковых адносін.

„Мне было прыемна паведаміць, што ў хуткім часе рэжым прыпынення санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў будзе працягнуты яшчэ на шэсць месяцаў пасля 31 кастрычніка, — сказала яна. — І ў ходзе сённяшніх сустрэч я падкрэслівала, што захаванне станоўчага патэнцыялу ў нашых адносінах магчыма ў выпадку далейшага руху па шляху ўмацавання дэмакратыі і правоў чалавека [у Беларусі]”.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Брынк пацвердзіла, што рашэнне аб лёсе санкцый прынята з улікам умоў, у якіх праходзілі апошнія парламенцкія выбары ў краіне. Яна таксама падкрэсліла, што выкананне рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ „з’яўляецца вельмі важным для паляпшэння выбарчага працэсу ў Беларусі ў цэлым”.

18 кастрычніка Міністэрства фінансаў ЗША „з улікам кансультацый і ў каардынацыі з Дзяржаўным дэпартаментам” працягнула дазвол на ажыццяўленне здзелак з беларускімі прадпрыемствамі, якія падпадаюць пад санкцыі згодна з указам прэзідэнта ЗША № 13405. Гэты дазвол не вызваляе заблакаваную уласнасць гэтых прадпрыемстваў”, — гаворыцца ў рэлізе Мінфіна. Рашэнне дзейнічае да 30 красавіка 2017 года.

Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з тых часоў перыядычна працягваліся. У санкцыйны спіс уваходзяць „Беларускі нафтавы гандлёвы дом”, канцэрн „Белнафтахім”, Belneftekhim USA Inc., ААТ „Белшына”, ААТ „Гродна Азот”, ААТ „Гродна Хімвалакно”, ААТ „Лакафарба”, ААТ „Нафтан” і ААТ ” Полацк-Шкловалакно”.

29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 года), дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым, калі сума здзелкі перавышае 10 тыс. долараў, грамадзяне ЗША абавязаны паведамляць пра гэта ўпраўленню кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента. У красавіку 2016 года гэта рашэнне было працягнута яшчэ на паўгода.

belapan.by