Знакі, якія ідуць з Масквы
З розных бакоў гавораць пра арышт расейскага генерала Сяргея Суравікіна за дзяржаўную здраду. Бо падтрымаў мяцеж Прыгожына. Выглядае на праўду, бо які дзень генерал і ягонае атачэнне не выходзяць на сувязь. Мы бачым вялікае прывітанне ўсім і кожнаму на ўладных пасадах не толькі ў Расеі, але і ў Беларусі. Гэта знак.
Суравікін не проста генерал, ён генерал арміі. Далей толькі маршал. Спецыялісты па сучаснай Расеі пішуць, што Суравікін каціруецца як выдатны вайсковы начальнік. Таксама Суравікін вядомы як «генерал армагедону», бо вельмі жорстка распраўляўся з насельніцтвам Сірыі. А яшчэ Суравікін быў сябрам «вагнераўца» Прыгожына.
Мяцеж Прыгожына спынілі ў выніку перамоваў. Апошняе аўдыёпаведамлене ў сваім тэлеграм-канале Прыгожын апублікаваў 26 чэрвеня. Толькі са словаў Лукашэнкі мы чулі, што нібыта Прыгожын быў у Беларусі.
Лукашэнка танцуе канкан ад радасці, што зноў заняў інфармацыйную прастору. Ягоныя «азаронкі» пампуюць чарговы міф пра вялікага заміральніка Лукашэнку, які голымі рукамі спыніў грамадзянскую вайну ў Расеі.
А ў самой Расеі Пуцін на радасцях забыўся пра бактэрыялагічную зброю ды каронавірус, і камунікуе з натоўпам у Дагестане, ды наогул не вылазіць са сцэны.
Такія вось палітычныя Бім і Бом у Менску і Маскве.
Вось гэтыя злыя клоўны шлюць свету знакі сваёй перамогі.
Лукашэнку пашанцавала засвяціцца на радарах здзіўленай публікі, якая прымае прапагандысцкі міф за чыстую манету.
Што да Пуціна, здаецца, насамрэч радасць у яго не ад перамогі, а ад таго, што пранесла. Ліха прайшло міма. Пакуль што.
Рэальны знак, якія я счытваю – гэта слова «можна». А так можна было? Можна.
Усе ўбачылі, што Расея знутры абсалютна неабароненая. Адзначылі і ў ЗСУ таксама.
Дазналіся, што Прыгожын быў не сам па сабе, а разам з адным з найлепшых вайсковых начальнікаў Расеі.
Публіцыст Аляксандр Няўзораў дапускае да 30% расейскіх генералаў, якія ведалі пра задуму Прыгожына з мецяжом.
Пуцін шле знакі, што ён можа супыніць любы мяцеж, але насамрэч рэагуе на знакі пра тое, што ўлада ў Крамлі слабая.
Лукашэнка балансуе, бо не ведае хто ўрэшце пераможа – чыя возьме.
Таму ён і «мы з Пуціным» гаворыць, і Прыгожына, прынамсі, на словах, прымае, і расейскую ніжэйшую за Пуціна ўладу ганіць, і на расейскі электарат грае.
Галоўны для Лукашэнкі знак з Масквы – рыхтуйся да сюрпрызаў.
Беларускае грамадства па абодва бакі дзяржаўнай мяжы таксама мусіць рыхтавацца. Бо размова пра новае вакно магчымасцяў па ўсім выглядае не пустым гукам.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя