ЗША абвясцілі пра санкцыі супраць расейскіх алігархаў і членаў іх сем’яў



У спісе таксама прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў.

У Белым доме ў чацвер заявілі, што ўводзяць поўныя блакавальныя санкцыі ў дачыненні да прэс-сакратара прэзідэнта РФ Дзмітрыя Пяскова, расейскіх бізнэсоўцаў Яўгена Прыгожына, Барыса і Аркадзя Ратэнбергаў, а таксама Алішэра Усманава, паведамляе «Інтэрфакс».

У спісе асоб, на якіх распаўсюджваюцца амерыканскія санкцыі, таксама кіраўнік «Растэха» Сяргей Чэмезаў, старшыня ВЭБ.РФ Ігар Шувалаў і прэзідэнт ПАО «Транснафта» Мікалай Токараў. Санкцыі прыменяць таксама да членаў іх сем’яў.

«Гэтыя асобы і члены іх сем’яў будуць адрэзаныя ад фінансавай сістэмы ЗША, іх актывы ў Злучаных Штатах будуць замарожаныя, а іх маёмасць будзе заблакавана», — гаворыцца ў заяве Белага дома.

Акрамя гэтага, ЗША ўводзяць візавыя абмежаванні ў дачыненні да 19 расейскіх алігархаў і 47 чальцоў іх сем’яў і асоб з іх найбліжэйшага атачэння.

«ЗША і ўлады ва ўсім свеце будуць працаваць над выяўленнем і замарожваннем актываў чальцоў расейскай эліты і іх сем’яў», — падкрэсліваецца ў заяве.

Акрамя таго, ЗША за «дэзінфармацыю» ўводзяць блакавальныя санкцыі ў дачыненні да сямі расейскіх арганізацый і 26 асоб, якія знаходзяцца ў Расеі ці на Украіне і адыгрываюць вядучыя ролі ў гэтых структурах. У ліку арганізацый, якія трапілі пад санкцыі — «Фонд стратэгічнай культуры», выданне «Рытм Еўразіі», часопіс «Камертон».

Раней у чацвер пра санкцыі супраць Усманава і Шувалава абвясціла Вялікабрытанія.