ЗША адменяць візы для грамадзян Харватыі
Злучаныя Штаты Амерыкі адменяць візы для грамадзян Харватыі. Пра гэта заявіў кіраўнік Міністэрства замежных спраў гэтай балканскай краіны Гордан Грліч-Радман, паведамляе „Еўрапейская праўда”.
«Візы павінны быць скасаваныя да канца года, і дзве краіны падпішуць пагадненне аб пазбяганні двайнога падаткаабкладання. Мы выканалі ўсе ўмовы, і гэта пытанне часу. Гэта ў інтарэсах як харвацкіх, так і амерыканскіх бізнэсоўцаў», – гаворыцца ў паведамленні харвацкага ўрада ў Twitter.
Грліч-Радман сёння сустрэўся з дзяржсакратаром ЗША Майкам Пампеа на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы і пасля сустрэчы зрабіў заяву пра будучы бязвізавы рэжым. Харватыя, Румынія, Балгарыя і Кіпр з’яўляюцца апошнімі сябрамі Еўразвязу, якім ЗША яшчэ не скасавалі візы. Польшча была выключаная з візавага рэжыму ў канцы 2019 года.