ЗША адмяняюць візы для грамадзянаў Польшчы



„Сёння ў Вашынгтоне будзе абвешчана афіцыйнае паведамленне пра тое, што Польшча была прынята ў бязвізавую праграму. З 11 лістапада 2019 стане магчымым бязвізавае падарожжа ў ЗША на тэрмін да 90 дзён у турыстычных і дзелавых мэтах”, – паінфармаваў прэзідэнт Польшчы.

„Я хацеў бы падзякаваць прэзідэнту Трампу, які паабяцаў мне год таму, што Польшча будзе прынята ў гэтую праграму да канца свайго тэрміну. Вялікі дзякуй, што паставіліся да гэтага пытання сур’ёзна”, – дадаў Анджэй Дуда.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда правёў сустрэчу з амерыканскім паслом Джорджэт Масбахер, пасля якой паведаміў, што сёння ў Вашынгтоне будуць падпісаныя адпаведныя дакументы:

– Мы вырашылі са спадарыняй амбасадарам абвесціць пра вынік сустрэчы. Гэта вельмі важная і спадзяюся вельмі радасная для многіх палякаў навіна. Спадарыня амбасадар паінфармавала мяне, што ў Вашынгтоне сёння будзе афіцыйна абвешчана пра тое, што Польшча прынята ў бязвізавую праграму. Магчымасць бязвізавага падарожжа ў Злучаныя Штаты на перыяд да 90 дзён у турыстычных і дзелавых мэтах з’явіцца ад 11 лістапада гэтага года.

Як дадаў прэзідэнт Дуда, раней меркавалася, што працэдура далучэння да бязвізавага руху зойме тыдні, а можа і месяцы, аднак удалося істотна паскорыць гэтую працэдуру.

Ужо з 11 лістапада для турыстычнага ўезду ў ЗША грамадзянам Польшчы будзе дастаткова зарэгістравацца ў электроннай сістэме ESTA і адказаць на шэраг пытанняў. Аплаты складуць каля 14-ці даляраў, з якіх 4 даляры – падчас рэгістрацыі ў сістэме і 10 даляраў, калі грамадзянін атрымае згоду на ўезд. Да гэтага часу візавыя працэдуры каштавалі каля 160 даляраў.

Беларускае Радыё Рацыя