ЗША хочуць прыцягнуць да адказнасці рэжым Лукашэнкі
ЗША лічаць вельмі важным прыцягнуць да адказнасці вінаватых у ваенных злачынствах на ўсіх узроўнях.

Пра гэта заявіў падчас брыфінгу сталы прадстаўнік Злучаных Штатаў пры Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе Майкл Карпэнтэр. Паводле яго слоў, важна прыцягнуць да адказнасці тых прадстаўнікоў рэжыму ў Беларусі, якія дапамагалі Расіі ў арганізацыі вайны супраць Украіны.
„Але таксама важна задакументаваць тыя рэпрэсіі, якія адбываюцца ўнутры Беларусі, бо ў беларускіх турмах цяпер пакутуюць каля 1500 палітычных вязняў у выніку брутальнай тактыкі рэжыму Лукашэнкі”, — дадаў ён.
„Злучаныя Штаты будуць працягваць шукаць шляхі павялічыць ціск — праз санкцыі і іншымі спосабамі — каб прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці, — цытуе словы Карпэнтэра Радыё Свабода. — Як за ўнутраныя рэпрэсіі, гэтак і за ўдзел у вонкавай агрэсіі, якую Расія вядзе супраць Украіны”.
