ЗША маюць намер аднавіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі



Дзярждэпартамент ЗША рэкамендуе Міністэрству фінансаў аднавіць санкцыі ў дачыненні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў, паведаміў прэс-сакратар Дзярждэпа Нэд Прайс 31 сакавіка на брыфінгу ў Вашынгтоне.

Ён падкрэсліў, што ЗША зацікаўленыя ў развіцці двухбаковых стасункаў з Беларуссю, але падзеі, што адбыліся ў краіне пасля „сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў”, гвалт і рэпрэсіўныя тактыкі супраць мірных дэманстрантаў, наяўнасць больш як 300 палітзняволеных не могуць быць праігнараваныя.

Прайс нагадаў, што ў 2015 годзе Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб часовым прыпыненні санкцый у дачыненні да дзевяці беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў. „Мы зрабілі гэта, таму што ў той час адзначылі прагрэс у сферы правоў чалавека ў Беларусі, і ў прыватнасці вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, — сказаў Прайс. — На жаль, зараз сітуацыя з правамі чалавека змянілася ў найгоршы бок за ўсю гісторыю незалежнасці Беларусі. Пры 300 палітзняволеных у Беларусі Дзярждэпартамент не можа рэкамендаваць чарговы працяг прыпынення санкцый. Дзейнае рашэнне аб прыпыненні заканчваецца 26 красавіка”.

Паводле яго слоў, такое развіццё падзей яшчэ можна прадухіліць. „І мы заклікаем беларускія ўлады распачаць захады, якія дазволяць нам гэта зрабіць, у прыватнасці вызваліць усіх палітзняволеных, — сказаў Прайс. — Рэжым Лукашэнкі ўсё яшчэ можа зрабіць гэтыя неабходныя крокі: вызваліце ўсіх тых, хто быў памылкова затрыманы толькі за тое, што выказваў адрознае ад уладаў меркаванне або вырашыў удзельнічаць у выбарах. Мы заклікаем да поўнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення гвалту з боку ўладаў у дачыненні да беларускага народа”.

Прайс падкрэсліў, што ЗША таксама заклікаюць беларускія ўлады „пачаць агульнанацыянальны дыялог з лідарамі палітычнай апазіцыі пад эгідай АБСЕ, які прывядзе да свабодных і сумленных выбараў пад незалежным назіраннем”.

„ЗША працягнуць падтрымліваць беларускі народ і яго імкненне да дэмакратычнай будучыні”, — запэўніў прадстаўнік Дзярждэпа.

На пытанне журналіста, ці можа Мінфін ЗША, які будзе прымаць рашэнне, не пагадзіцца з рэкамендацыяй Дзярждэпартамента, Прайс адказаў: „Так, гэта рашэнне Міністэрства фінансаў, але мы працуем вельмі цесна па ўсіх пытаннях, уключаючы каардынацыю, даванне рэкамендацый па прыняцці рашэнняў”.

Санкцыі ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў былі ўведзеныя на падставе ўказа прэзідэнта Джорджа Буша ад 16 чэрвеня 2006 года ў сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі і з таго часу перыядычна атрымлівалі працяг.

Гаворка пра Беларускі нафтавы гандлёвы дом, канцэрн „Белнафтахім”, Belneftekhim USA Inc., ААТ „Белшына”, ААТ „Гродна Азот”, ААТ „Гродна Хімвалакно”, ААТ „Лакафарба”, ААТ „Нафтан” і ААТ „Полацк-Шкловалакно”.

29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода (да 30 красавіка 2016 года), дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым, калі сума здзелкі перавышае 10 тысяч долараў, грамадзяне ЗША абавязаныя інфармаваць упраўленне кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента. Гэтае рашэнне працягвалі кожныя паўгода.

У кастрычніку 2019 года рашэнне аб прыпыненні санкцый было прынятае адразу на паўтара года — да 26 красавіка 2021 года.

Згодна з паведамленнем Мінфіна ЗША, „усе аперацыі, забароненыя прэзідэнцкім указам 13405 (прыняты 16 чэрвеня 2006 года. — БелаПАН.) аб увядзенні санкцый супраць гэтых кампаній, а таксама іх даччыных прадпрыемстваў і актываў, якія належаць ім больш як на 50%, дазваляюцца, калі не трапляюць пад асабліва абумоўленыя выключэнні”.

Як тлумачыў Мінфін ЗША, выключэннем з’яўляецца тое, што любая ўласнасць і актывы гэтых прадпрыемстваў застаюцца блакаванымі і „не могуць быць перададзеныя, выплачаныя, экспартаваныя, канфіскаваныя ці як-небудзь інакш выкарыстаныя”. Пры пасрэдніцтве гэтых прадпрыемстваў забароненыя прамыя або ўскосныя здзелкі з іншымі асобамі, якія знаходзяцца пад амерыканскімі санкцыямі.

Амерыканскія грамадзяне, якія ўступаюць у дзелавыя адносіны з названымі дзевяццю беларускімі прадпрыемствамі, абавязаныя даваць справаздачу Дзярждэпартаменту аб здзелках або пакетах здзелак на агульную суму большую за 50 тысяч долараў.

belapan.by