ЗША не лічаць Лукашэнку прэзідэнтам пасля інаўгурацыі



Аляксандр Лукашэнка не з`яўляецца легітымным прэзідэнтам Беларусі. У гэтым заключаецца афіцыйная пазіцыя ЗША пасля яго інаўгурацыі, якая прайшла 23 верасня ў Менску.

„Злучаныя Штаты заявілі ў сераду, што не лічаць Аляксандра Лукашэнку законным прэзідэнтам Беларусі пасля таго, як ён быў таемна інаўгураваны ўслед за аспрэчванымі выбарамі”, — паведамляе barrons.com са спасылкай на „Франс Прэс”. Дзярждэпартамент пацвердзіў, што не лічыць выбары 9 жніўня ў Беларусі свабоднымі і справядлівымі.

„Абвешчаныя вынікі былі сфальсіфікаваныя і не сведчылі аб легітымнасці. Злучаныя Штаты не могуць лічыць Аляксандра Лукашэнку законна абраным лідарам Беларусі, — заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпа. — Шлях наперад павінен ляжаць у нацыянальным дыялогу, які вядзе да таго, каб беларускі народ мог карыстацца сваім правам выбіраць лідараў на свабодных і справядлівых выбарах пад незалежным назіраннем”.

ЗША заклікалі афіцыйны Менск вызваліць палітвязняў.

Таксама аб непрызнанні Штатамі Лукашэнкі легітымным паведамляе са спасылкай на Дзярждэпартамент buzzfeednews.com.

Акрамя таго, саветнік прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Роберт О`браен заклікаў да неадкладнага вызвалення паліттэхнолага Віталя Шклярава, ураджэнца Гомеля, які з`яўляецца грамадзянінам ЗША і мужам супрацоўніцы Дзярждэпартамента. „Спадар Шкляраў павінен вярнуцца ў сям`ю”, — заявіў О`браен. Амаль два месяцы Шкляраў знаходзіцца ў беларускай турме, яго абвінавачваюць па ч. 1 арт. 342 (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак).

Раней аб нелегітымнасці Аляксандра Лукашэнкі заявілі ў камітэце сената ЗША па міжнародных адносінах.

belapan.by