ЗША не падтрымалі бюджэт ААН на 2021 год



ЗША другі раз у гісторыі адмовіліся прыняць бюджэт ААН кансенсусам. Прадстаўніца Амерыкі назвала фінансавы план „саступкай, якая ўмацоўвае ганебную спадчыну антысемітызма”.

ЗША разам з Ізраілем прагаласавалі супраць зацверджання бюджэту ААН на 2021 год у велічыні 3,2 мільярда даляраў (каля 2,6 мільярда еўра). Пра гэта 31 снежня паведаміла агенцтва Bloomberg.

Паводле інфармацыі агенцтва, астатнія 168 дзяржаў-сябраў арганізацыі на канферэнцыі Генеральнай асамблеі ААН, якая праходзіла он-лайн, фінансавы план падтрымалі.

Традыцыйна бюджэт зацвярджаецца кансенсусам, і цягам астатніх трох гадоў ЗША падтрымлівалі штогадовае фінансаванне, нават на фоне скаргаў прэзідэнта Дональда Трампа пра недастатковы ўнёсак іншых краін ў працу арганізацыі і выхад Вашынгтона з Рады ААН па правах чалавека.

ЗША, у прыватнасці, выступілі супраць фінансавання мерапрыемства, прысвечанага 20-ым угодкам Сусветнай канферэнцыі па змаганні з расізмам, расавай дыскрымінацыяй, ксенафобіяй і звязанай з імі нецярпімасці, якая адбылася 31 жніўня – 8 верасня ў Дурбане (Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка). ААН абараняе меркаванне, што першая канферэнцыя ў Дурбане не заслугоўвае ярлыка „антысеміцкай”. ЗША і Ізраіль мяркуюць іначай. На тым форуме была прынятая рэзалюцыя, якая асуджае Ізраіль.

Беларускае Радыё Рацыя