ЗША не падтрымалі міратворчы праект Польшчы ва Украіне
Міністр абароны Польшчы Марыюш Блашчак на сустрэчы міністраў абароны NATO ў Брусэлі прадставіў праект стварэння міратворчай місіі ва Украіне. Пра гэта паведамляе прэс-служба ўрада Польшчы.
«Абмеркавалі крокі, якія трэба зрабіць, каб спыніць уварванне Расеі. Са свайго боку прадставіў праект, пра які падчас свайго візіту ў Кіеў гаварыў віцэ-прэм’ер-міністр Яраслаў Качыньскі. прадставіў гэты праект саюзнікам, каб яны падумалі, ці можна і як сфармаваць міратворчую місію ва Украіне», — сказаў Марыюш Блашчак пасля сустрэчы міністраў абароны NATO. Ён дадаў, што такая місія выконваецца ў Косаве.
Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Нэд Прайс, камэнтуючы польскую прапанову аб міратворчай місіі, сказаў, што прысутнасць амерыканскіх салдат на тэрыторыі Украіны толькі працягне вайну:
«Прысутнасць амерыканскіх салдат на тэрыторыі Украіны, амерыканскіх лётнікаў, мае патэнцыял ператварыць яе ў нешта яшчэ большае і, бясспрэчна, больш сур’ёзнае», — цытуе Прайса Onet у адказ на пытанне аб прапанове Польшчы. Раней віцэ-прэмʼер урада Польшчы і старшыня кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» Яраслаў Качыньскі падчас візыту ў Кіеў 15 сакавіка прапанавалі накіраваць ва Украіну міратворчую місію.