ЗША папрасілі Польшчу растлумачыць заяву аб спыненні падтрымкі Украіны



Bloomberg са спасылкай на высокапастаўленую крыніцу ў Пентагоне паведамляе, што ЗША папрасілі Польшчу растлумачыць заяву аб спыненні падтрымкі Украіны. Польшча па-ранейшаму гатовая падтрымаць Украіну, але канкрэтная пазіцыя афіцыйнай Варшавы незразумелая, кажа крыніца агенцтва.  Польскія дыпламаты ў прыватным парадку запэўніваюць замежных калег, што вайсковая падтрымка Украіны, хай і ў меншых маштабах, працягнецца. Крыніца Bloomberg мяркуе, што адмова Польшчы ад падтрымкі можа негатыўна паўплываць на ваенныя дзеянні ва Украіне, бо можа падарваць адзінства NATO.

Нагадаем, што нядаўна прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі сказаў, што цяпер яго краіна не перадае зброю Украіне, таму што занятая ўзбраеннем уласнага войска. Заява Маравецкага прыцягнула шырокую ўвагу СМІ на фоне рознагалосся Кіева і Варшавы наконт экспарту ўкраінскага збожжа. Пазней прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда заявіў, што нядаўнія словы прэм’ер-міністра Маравецкага былі “інтэрпрэтаваныя найгоршым чынам”.

Беларускае Радыё Рацыя