ЗША патрабуюць тлумачэнняў ад Казахстана
Кантынгент АДКБ застанецца ў краіне да поўнай стабілізацыі становішча. Пра гэта падчас брыфінгу паведаміў камандуючы „міратворцамі” АДКБ Андрэй Сердзюкоў.

Ён праінфармаваў аб тым, што калектыўныя сілы АДКБ завяршылі разгортванне на тэрыторыі Казахстана. У гэты момант вайскоўцы выконваюць задачы па ахове важных дзяржаўных, ваенных і сацыяльных аб’ектаў.
Тым часам, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што Вашынгтон дамагаецца ад уладаў Казахстана тлумачэнняў.

Амерыканскі бок хоча высветліць, чаму Казахстану спатрэбілася прыцягваць АДКБ, у якой галоўную ролю адыгрывае Расея, для падаўлення хваляванняў унутранага характару. Акрамя таго, кіраўнік амерыканскай дыпламатыі асудзіў аддадзены ўладамі Казахстана загад страляць на паражэнне.
Нагадаем, што ў адміністрацыі прэзідэнта Казахстана ў нядзелю, 9 студзеня, заявілі, што «ва ўсіх рэгіёнах краіны сітуацыя стабілізаваная». Заява з’явілася пасля некалькіх дзён масавых хваляванняў.
Беларускае Радыё Рацыя
