ЗША прыпыняюць фінансаванне СААЗ



Дональд Трамп абвясціў, што ЗША часова спыняюць фінансаванне Сусветнай арганізацыі аховы здароўя.

Прэзідэнт ЗША заявіў, што арганізацыя не справілася са сваімі абавязкамі і паспрыяла распаўсюду каронавіруса ў свеце. Штаты правядуць расследаванне наконт кампетэнтасці кіраўніцтва арганізацыі.

На час гэтага расследавання фінансаванне СААЗ з боку ЗША прыпыняецца. Трамп нагадаў, што напрыканцы студзеня кіраўніцтва СААЗ выступіла супраць рашэння ЗША абмежаваць палёты ў Кітай на ранніх этапах успышкі каронавіруса. Іншыя краіны таксама трымалі свае межы з Кітаем адкрытымі, што паскорыла пашырэнне каронавіруса ў свеце, заявіў Трамп.  На сёння ЗША трымаюць першае месца ў свеце па колькасці захварэлых на каронавірус — амаль 610 тысяч чалавек. Агулам у свеце колькасць выпадкаў набліжаецца да двух мільёнаў.  Ахвярамі каронавіруса сталі больш за 126 тысяч чалавек.

Беларускае Радыё Рацыя