Лукашэнка разлічвае на новы этап у дачыненнях з ЗША (абноўлена)
Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што пазітыў паміж Беларуссю і ЗША стане новым этапам дачыненняў. Пра гэта кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў на сустрэчы з намеснікам памочніка міністра абароны ЗША Майклам Карпентэрам.
Паводле слоў кіраўніка краіны, у Беларусі з заходнім светам, ЗША намеціўся нейкі пазітыў. «Я б вельмі хацеў, каб гэта быў новы этап у нашых стасунках», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што палітызаванасць дачыненняў Беларусі з заходнімі краінамі занадта высокая. «Нам бы не перашкаджала звярнуць свае погляды перш за ўсё на эканоміку, на гандлёва-эканамічныя стасункі са Злучанымі Штатамі Амерыкі, з Еўрапейскім звязам. І гэта было б добрым падмуркам пабудовы добрых дачыненняў па ўсіх напрамках», — перакананы кіраўнік беларускай дзяржавы.
Беларусь гатова абмяркоўваць з заходнімі партнёрамі любыя праблемы, весці супрацу з ЗША. «Не толькі таму, што гэта глабальная імперыя, вядучая дзяржава свету, з якой супрацоўнічаюць усе», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што ў беларускім грамадстве склалася добрае паважлівае стаўленне да Амерыкі. Гэтаму не перашкодзілі і санкцыі, што дзейнічалі ў мінулым супраць Беларусі.
«Наш народ добры, адукаваны і разбіраецца ў тых працэсах, якія адбываюцца ў свеце», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка і прапанаваў наладжваць стасункі ў духу пажаданняў беларускага і амерыканскага народаў, паведамляе БелТА.
* * *
Злучаныя Штаты Амерыкі разлічваюць на ўмацаванне супрацы з Беларуссю на двухбаковым і міжнародным узроўні. Пра гэта заявіў намеснік памочніка міністра абароны ЗША Майкл Карпентэр 29 сакавіка на сустрэчы з журналістамі ў Менску.
Карпентэр падкрэсліў, што палітыка ЗША ў дачыненні да Беларусі заўсёды заключалася „ў няўхільнай падтрымцы яе незалежнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці, а таксама яе імкнення забяспечыць у сябе большы росквіт і стабільнасць”.
Прадстаўнік ЗША таксама адзначыў, што за апошнія шэсць месяцаў Злучаныя Штаты пабачылі з боку ўрада Беларусі курс на дэмакратызацыю краіны і прагрэс у дэмакратычных працэсах. Гэта перш за ўсё вызваленне палітвязняў у жніўні мінулага года і мірнае правядзенне прэзідэнцкіх выбараў.
На сёння, 30 сакавіка, у намесніка памочніка міністра абароны ЗША запланаваная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
На пытанне, ці будзе намеснік памочніка міністра абароны ЗША Майкл Карпентэр на сустрэчы з кіраўніком Беларусі ўздымаць пытанне пра павелічэнне штату пасольства, Роланд адказаў, што гэта пытанне „не ў фокусе” візіту Карпентэра, паколькі ён прадстаўляе Міністэрства абароны. „Але калі атрымаецца вырашыць пытанне акрэдытацыі ваеннага аташэ, то гэта паўплывае і на вырашэнне пытання пашырэння штата пасольства ў цэлым”, — дадаў ён.
Кіраўнік дыпмісіі ЗША падкрэсліў, што сёння пасольства не можа аказваць паўнавартасны спектр візавых паслуг, бо не мае дастатковай колькасці амерыканскіх супрацоўнікаў.
Што тычыцца магчымага вяртання ў Менск пасла ЗША, то, паводле слоў Роланда, пакуль „гэта пытанне не ўсплывала”. „Але яно можа ўсплыць рана ці позна. Калі 30 сакавіка мы атрымаем такую прапанову, то працэдура прызначэння можа заняць каля года”, — сказаў дыпламат.
Паводле БелаПАН
Фота БелТА і прэс-службы амбасады США