ЗША: Санкцыі будуць дзейнічаць, пакуль Расея не верне Крым



Новы пастаянны прадстаўнік ЗША пры ААН Нікі Хэйлі заявіла, што санкцыі супраць Расеі будуць заставацца ў сiле да той пары, пакуль Крым не будзе вернуты Украіне.

Хэйлі таксама абвінаваціла Расею ў «агрэсіўных дзеяннях» на ўсходзе Украіны, дзе ў апошнія некалькі дзён узмацніліся абстрэлы ўздоўж лініі судакранання бакоў.

«Мы сапраўды хочам палепшыць адносіны з Расеяй. Аднак катастрафічная сітуацыя на ўсходзе Украіны патрабуе яснага і жорсткага асуджэння дзеянняў Расеі», — сказала Нікі Хэйлі падчас свайго першага выступу ў Радзе Бяспекі ААН.

Хэйлі падкрэсліла, што Вашынгтон па-ранейшаму лічыць Крым часткай Украіны і заклікае Расею пакласці канец акупацыі паўвострава.

Каментуючы выступ Хэйлі, пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін спаслаўся на тое, што жыхары Крыма прагаласавалі за ўваходжанне паўвострава ў склад Расеі, выказаўшы сваю волю на рэферэндуме.

У ходзе пасяджэння Рады Бяспекі ААН Чуркін заявіў, што ўлады Украіны спрабуюць дамагчыся не нармалізацыі сітуацыі на ўсходзе краіны, а ваеннага рашэння канфлікту.

Паводле ВВС