ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць РФ і высылаюць дыпламатаў
Прэзідэнт ЗША Барак Абама падпісаў указ пра новыя санкцыі ў дачыненні да Расеі.
Пра гэта паведамляюць „РИА Новости” са спасылкай на Белы дом.
„Як заявілі ў амерыканскім Мінфіне, абмежаванні закрануць шэсць чалавек і пяць расейскіх арганізацый, уключаючы ФСБ”, – сказана ў паведамленні.
У прыватнасці, у спіс трапілі кіраўнік ГРУ Генштаба Ігар Корабаў і тры яго намеснікі.
У сваю чаргу агенцтва „Reuters” са спасылкай на ананімнага чыноўніка паведамляе, што ЗША высылаюць 35 расейскіх дыпламатаў з Вашынгтона і Сан-Францыска. Яны абавязаны пакінуць краіну на працягу 72 гадзін.
Прычынай указваецца „кампанія пераследу з боку Расеі супраць амерыканскіх дыпламатаў у Маскве”.
„Гэта зроблена для таго, каб адказаць на расейскі ўціск амерыканскіх дыпламатаў і дзеянні дыпламатаў, якія мы ацанілі такімі, што не адпавядаюць дыпламатычнай практыцы”, – сказаў чыноўнік.
Пацверджання гэтай інфармацыі пазней з’явілася на сайце Дзярждэпу ЗША ў паведамленні пад назвай „Дзеянні Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША ў адказ на расейскую агрэсію”.
Пазней з’явіўся тэкст адпаведнага ўказа Барака Абамы. У ім сярод прычын указваюцца расейскія хакерскія атакі на ЗША.