ЗША ўвялі санкцыі супраць васьмі беларускіх афіцыйных асоб
Злучаныя Штаты Амерыкі 2 кастрычніка ўвялі санкцыі супраць васьмі беларускіх афіцыйных асоб — членаў Цэнтрвыбаркама і шэрагу сілавікоў. Пра гэта паведаміла ўпраўленне па кантролі за замежнымі актывамі Мінфіна ЗША.
Як вынікае з паведамлення, пад санкцыі патрапілі намеснік старшыні Цэнтрвыбаркама Беларусі Вадзім Іпатаў, сакратар ЦВК Алена Дмухайла, кіраўнік МУС Юрый Караеў, яго намеснік і камандуючы ўнутранымі войскамі Юрый Назаранка, а таксама намеснік міністра Аляксандр Барсукоў і намеснік камандуючага ўнутранымі войскамі Хазалбек Атабекаў. Акрамя гэтага, у спісе значацца кіраўнік мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба і начальнік ГУУС Мінгарвыканкама Іван Кубракоў.
„Сённяшнія дзеянні былі прынятыя ў каардынацыі з нашымі міжнароднымі партнёрамі, Злучаным Каралеўствам, Канадай і Еўрапейскім саюзам, каб прадэманстраваць салідарнасць міжнароднай супольнасці з беларускім народам у яго супрацьстаянні ашуканскім і гвалтоўным дзеянням беларускіх уладаў”, — гаворыцца ў паведамленні Мінфіна ЗША.
Санкцыі азначаюць замарожванне актываў у ЗША і забарону для амерыканскіх грамадзян або кампаній весці бізнес з іх фігурантамі.
Варта адзначыць, што ў ЗША аналагічныя санкцыі працягваюць дзейнічаць у дачыненні да 16 беларускіх чыноўнікаў, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, за іх дзейнасць у сувязі з папярэднімі фальсіфікаванымі прэзідэнцкімі выбарамі 2006 і 2010 гадоў.
29 верасня Вялікабрытанія і Канада ўвялі санкцыі супраць васьмі службовых асоб Беларусі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, за фальсіфікацыю выбараў і парушэнні правоў чалавека, у тым ліку жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі. Санкцыі ўключаюць забарону на ўезд гэтых асобаў на тэрыторыю Вялікабрытаніі і Канады і замарожванне іх актываў у гэтых краінах.
Еўрасаюз 2 кастрычніка ўвёў санкцыі ў дачыненні да больш чым 40 афіцыйных асоб Беларусі, якія датычныя да фальсіфікацыі выбараў і рэпрэсій у дачыненні да грамадзян краіны.
МЗС Беларусі заявіў аб увядзенні ў дзеянне „санкцыйнага спіса ў адказ”, але не стаў яго публікаваць „у адпаведнасці з цывілізаванай дыпламатычнай практыкай”. Таксама было заяўлена аб увядзенні сіметрычных санкцый у дачыненні да шэрагу службовых асоб Вялікабрытаніі і Канады.
Фота: bitnovosti.com