ЗША ўзнавілі санкцыі супраць Ірану
ЗША ўзнавілі санкцыі супраць Ірану, якія былі знятыя ў выніку ядравага пагаднення ў 2015 годзе. Пра гэта паведаміла Bloomberg. Санкцыі былі ўведзены апоўначы па мясцовым часе (08.00 нашага часу).
Напярэдадні дзяржсакратар ЗША Майк Пампеа заявіў, што Мінфін увядзе санкцыі супраць больш 600 юрыдычных і фізічных асобаў у Іране.
Узноўленыя санкцыі ўраду ЗША забараняюць асобам і кампаніям супрацаваць, прадаваць тавары, рабіць паслугі, фінансавую, матэрыяльную ці тэхналагічную падтрымку Нацыянальнай іранскай нафтавай кампаніі (NIOC) ці Цэнтральнаму банку Ірану. Пад забарону трапляе куплянне, продаж, транспарціроўка ці збыт нафты і нафтапрадуктаў з Ірану.
Пад санкцыі трапяць не толькі амерыканскія кампаніі і грамадзяне, але і іншыя дзяржавы, за выняткам 8 краін. Яны змогуць імпартаваць іранскую нафту яшчэ цягам 180 дзён. Пазней Майк Памеа назваў гэтыя краіны: Кітай, Індыя, Грэцыя, Італія, Тайвань, Японія, Турцыя і Паўднёвая Карэя.
8 траўня Дональд Трамп абвесціў пра выхад ЗША з Супольнага усеабдымнага плана дзеянняў па ядравай праграме Ірану і ўзнаўленні санкцый. Трамп у час перадвыбарчай кампаніі крытыкаваў адміністрацыю Барака Абамы за гэтае пагадненне і называў яго супярэчным інтарэсам ЗША. Ядравая дамова, у выніку якой частка санкцый супраць энергетычнага сектара краіны былі адменены, была прынятая ў 2015 годзе. Тады ж Іран пагадзіўся замарозіць сваю ядравую праграму, падпісаўшы пагадненне з ЗША, Расеяй, Кітаем, Вялікабрытаніяй, Францыяй і Нямеччынай.
Беларускае Радыё Рацыя