ЗША віталі ініцыятыву Ціханоўскай і зноў заклікалі Лукашэнку да нацыянальнага дыялогу



Злучаныя Штаты віталі ініцыятыву беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай прагаласаваць у падтрымку перамоў з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі пры міжнародным пасярэдніцтве.

„Як заявіў прэзідэнт Байдэн, амерыканская дыпламатыя павінна грунтавацца на самых галоўных дэмакратычных каштоўнасцях Амерыкі: абароне свабоды, адстойванні перспектыў, павазе да правоў чалавека, вяршэнства закона і годнасці кожнага чалавека. Таму Злучаныя Штаты ганарацца тым, што падтрымліваюць адноўленыя сёння заклікі да сапраўднага дыялогу паміж беларускімі ўладамі і палітычнай апазіцыяй, уключаючы Каардынацыйную раду і членаў беларускай грамадзянскай супольнасці. Злучаныя Штаты спадзяюцца, што такі дыялог прывядзе да перамоў, неабходных для новых, свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі, і лічаць АБСЕ асабліва прыдатнай для садзейнічання гэтаму працэсу”, — гаворыцца ў заяве місіі ЗША ў АБСЕ.

На думку амерыканскай дыпламатыі, разам са спыненнем жорсткіх рэпрэсій і вызваленнем усіх палітычных зняволеных і ўсіх іншых несправядліва затрыманых дыялог неабходны для вырашэння палітычнага крызісу ў Беларусі. Пры гэтым наяўнасць у краіне амаль 300 палітвязняў названая „замахам на правы чалавека і асноўныя свабоды”.

„Народ Беларусі заслугоўвае рэальнага голасу ў сваёй будучыні. Усім тым, хто рызыкуе сваім жыццём, каб супрацьстаяць тыраніі: Амерыка чуе вас. Амерыка бачыць вас. І Амерыка з вамі”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Як лічаць Злучаныя Штаты, час толькі павялічыў патрэбу беларускіх уладаў у сапраўдным узаемадзеянні з народам.

ЗША зноў падзякавалі дзейнаму старшыні АБСЕ Швецыі і папярэдняму Албаніі за прапанову садзейнічаць нацыянальнаму дыялогу паміж беларускімі ўладамі і тымі, хто выступае за дэмакратыю і правы чалавека, і яшчэ раз заклікалі Аляксандра Лукашэнку прыняць гэтую прапанову. „Разам з нашымі партнёрамі і саюзнікамі Злучаныя Штаты працягнуць выступаць у падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народа жыць у свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай краіне”, — адзначаецца ў заяве.

18 сакавіка Святлана Ціханоўская абвясціла аб пачатку агульнанацыянальнага галасавання на платформе „Голас” за арганізацыю перамоў з прадстаўнікамі ўлады пры міжнародным пасрэдніцтве. Паводле слоў дэмакратычнага лідара, цяперашні крызіс у краіне можна вырашыць мірным шляхам „праз перамовы пры міжнародным пасрэдніцтве”. Яна падкрэсліла, што агульнанацыянальнае галасаванне запускаецца „не замест вулічных пратэстаў”, а разам з імі.

Паводле пераканання Ціханоўскай, голас за перамовы — гэта „голас за выратаванне сотняў зняволеных, якія пакутуюць у турме за сваю думку, крок да дзяржавы, дзе паважаюць людзей і іх погляды, дзе справядлівыя заробкі і цэны”. „І што вельмі важна — гэта канкрэтны сігнал для міжнародных партнёраў да дзеяння”, — лічыць яна.

За першыя восем гадзін галасавання ў ім узялі ўдзел 338 тыс. чалавек.

belapan.by