ЗША вітаюць новыя сектаральныя санкцыі ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі



Злучаныя Штаты Амерыкі вітаюць увядзенне новых сектаральных санкцый ЕЗ супраць афіцыйнага Менска і будуць назіраць за развіццём сітуацыі ў Беларусі ў найбліжэйшыя тыдні, заявіла намесніца памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Кара МакДональд на сённшнім анлайн-форуме „Новая Беларусь супраць катаванняў”, арганізаваным беларускай дыяспарай, паведамляе БелаПАН.

„ЗША, як і многія краіны па ўсім свеце, былі глыбока натхнёныя мірным пратэстам беларусаў за магчымасць прагаласаваць на свабодных і сумленных выбарах. Але рэжым Лукашэнкі на мірнае жаданне дэмакратычных перамен адказаў рэпрэсіямі і гвалтам”, – адзначыла дыпламат.

МакДональд нагадала, што ЗША з’яўляюцца адным з 17 удзельнікаў Маскоўскага механізма АБСЕ, у межах якога незалежныя эксперты збіраюць інфармацыю аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі: „Урад ЗША атрымаў шмат задакументаванай інфармацыі пра катаванні і злоўжыванні. Катаванні ва ўсіх іх формах — гэта ніжэй за чалавечую годнасць”.

Нагадаем, Рада ЕЗ сёння зацвердзіла сектаральныя эканамічныя санкцыі супраць уладаў Беларусі. Гэта стала адказам ЕЗ на парушэнні правоў чалавека, рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, дэмакратычнай апазіцыі і журналістаў, а таксама на вымушаную пасадку самалёта Ryanair і затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча і яго сяброўкі Сафіі Сапегі, якія знаходзіліся на борце.