ЗША выводзяць войскі з Сірыі



Указ пра вывад амерыканскіх войск з Сірыі ўжо падпісаны, паведаміў 23 снежня амерыканскі тэлеканал CNN са спасылкай на крыніцы ў міністэрстве абароны ЗША.

Прадстаўнік Пентагону пацвердзіў тэлеканалу, што „указ па Сірыі быў падпісаны”. Іншы суразмоўца тэлеканалу ўдакладніў, што загад падпісаў міністр абароны ЗША Джэймс Мэціс. Чыноўнік расказаў, што ў дакуменце прапісаны парадак вываду войск, пры тым падрабязнасці аперацыі не паведамляюцца.

Паводле звестак CNN, зараз у Сірыі знаходзіцца каля 2 тысяч 600 амерыканскіх ваенных, іх вывад можа пачацца бліжэйшымі тыднямі і заняць некалькі тыдняў.

Вайна ў Сірыі працягваецца з 2011 года. У баявых дзеяннях удзельнічаюць урадавыя войскі, апазіцыя, радыкальныя ісламісты, курды, баевікі „Ісламскай дзяржавы”. У верасні 2014 года аперацыю супраць ІДзІЛ пачала кааліцыя на чале з ЗША. У верасні 2015 года да канфлікту ў Сірыі далучылася Расея, у жніўні 2016-га – Турцыя.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 19 снежня 2018 года абвесціў пра перамогу над баевікамі „Ісламскай дзяржавы” у Сірыі. Прэс-сакратар Белага дома Сара Сандэрс паведаміла, што вывад амерыканскіх войскаў з гэтай краіны ўжо пачаўся.

Беларускае Радыё Рацыя