ЗША выявілі расейскую падлодку ў берагоў Аляскі



Паўночнае камандаванне Узброеных Сіл ЗША абвясціла, што выявіла паблізу ад берагоў Аляскі расейскую падводную лодку.

„Камандаванне вядзе ўважлівы маніторынг расейскай падлодкі, што ўсплыла сёння каля Аляскі”, — заявілі амерыканскія вайскоўцы ў твітары.

Як удакладнілі ў ведамстве, падлодка ўсплыла ў міжнародных водах, за межамі тэрытарыяльных водаў ЗША. Яна не падавала якіх-небудзь запытаў пра аказанне дапамогі, але ў выпадку неабходнасці амерыканскія вайскоўцы гатовыя аказаць дапамогу, дадалі ў Паўночным камандаванні.

Расейскія вайскоўцы пакуль афіцыйна не каментавалі тое, што адбылося, аднак крыніца РІА Новости ў Ціхаакіянскім флоце заявіла, што ніякай няштатнай сітуацыі з падлодкай няма. Па словах суразмоўцы агенцтва, гэта падводная лодка ля берагоў Аляскі — атамны падводны крэйсер „Омск”, які ўдзельнічае ў вучэннях.

27 жніўня Мінабароны РФ паведамляла пра тактычныя вучэнні Ціхаакіянскага флоту ў акваторыі Берынгава мора пры ўдзеле ракетнага крэйсера „Вараг” і атамнага падводнага крэйсера „Омск”.

Паводле meduza.io