ЗША заклікалі ўлады Беларусі дазволіць народу «свабодна і мірна збірацца»
У сувязі з масавым затрыманнем удзельнікаў акцый салідарнасці з арыштаванымі падчас збору подпісаў ЗША выступілі з заклікам да ўрада Беларусі. Вашынгтон заклікаў Менск «прытрымлівацца сваіх міжнародных абавязацельстваў паважаць асноўныя свабоды і дазволіць народу Беларусі свабодна і мірна збірацца, а таксама вызваліць затрыманых, уключна з журналістамі, якія асвятляюць мірныя сходы людзей».
Заяву размясціла амерыканская амбасада ў Менску на сваёй старонцы ў «Твітэры». Па дадзеных Праваабарончага сайта Вясна, на 3 гадзіны ночы у Менску, Бабруйску, Гомелі, Віцебску, Магілёве, Маладэчне, Наваполацку, Гародні, Воршы і Слуцку было затрымана больш за 120 чалавек, у тым ліку журналісты і замежнікі (грамадзяне Расеі і Чэхіі). 25 чалавек вызвалены. Паведамляецца таксама пра адсутнасць сувязі з прэтэндэнтам на пасаду прэзідэнта Андрэем Дзмітрыевым, які пасля здачы подпісаў у выбаркам адправіўся на праспект Незалежнасці, дзе праходзіла акцыя салідарнасці.
Таксама Амбасада Вялікабрытаніі заявіла аб недапушчальнасці затрымання вялікай колькасці журналістаў і мірных дэманстрантаў.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Samuel Corum / Getty Images