ЗША заклікаюць прыцягнуць да адказнасці вінаватых у смерці Рамана Бандарэнкі
Злучаныя Штаты Амерыкі ўзрушаныя смерцю Рамана Бандарэнкі і заклікаюць улады Беларусі правесці празрыстае расследаванне і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Пра гэта гаворыцца ў заяве пасольства ЗША ў Беларусі.
„Злучаныя Штаты ўзрушаныя і ўсхваляваныя жудаснымі абставінамі смерці 12 лістапада Рамана Бандарэнкі, які, паводле сведчанняў відавочцаў, памёр ад траўмаў, атрыманых пасля жорсткага збіцця супрацоўнікамі міліцыі ў цывільным. Мы выказваем спачуванні яго сям’і і салідарныя з усім беларускім народам, які аплаквае яго страту”, — адзначае дыпмісія.
„Мы заклікаем улады правесці празрыстае расследаванне і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у смерці спадара Бандарэнкі. Мы асуджаем гвалт і падаўленне мірных дэманстрантаў. Гэта недапушчальна ў сучасным грамадстве і павінна неадкладна спыніцца. Мы яшчэ раз заклікаем улады Беларусі даць беларускаму народу яго права свабодна і мірна выказваць сваё меркаванне, збірацца і падаваць звароты свайму ўраду. Беларускі народ заслугоўвае ўрада, які паважае правы чалавека і дае надзею на лепшую будучыню”, — падкрэсліваецца ў заяве.
Як паведамлялася, 12 лістапада дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа зноў заклікаў беларускія ўлады неадкладна спыніць эскалацыю гвалту, вызваліць усіх палітвязняў і мірных дэманстрантаў, а таксама пачаць дыялог з грамадзянскай супольнасцю.