ЗША запатрабавалі міжнароднага расследавання інцыдэнту з самалётам Ryanair



Злучаныя Штаты „рашуча асуджаюць нахабны і шакавальны ўчынак рэжыму Лукашэнкі з мэтай перанакіраваць камерцыйны рэйс і арыштаваць журналіста”.

Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, каментуючы вымушаную пасадку ў Менску самалёта Ryanair, які рухаўся з Афін у Вільню, і наступнае затрыманне яго пасажыра — беларускага журналіста і актывіста Рамана Пратасевіча, якога ўлады краіны лічаць датычным да тэрарыстычнай дзейнасці, абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, аб’явілі ў міжнародны вышук і звярнуліся да Польшчы з просьбай аб яго экстрадыцыі.

„Мы патрабуем міжнароднага расследавання і ўзгадняем з нашымі партнёрамі далейшыя крокі. Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі”, — напісаў Блінкен у сваім акаўнце ў „Твітэры”.

Раней дзеянні беларускіх улад у той ці іншай форме асудзілі Вялікабрытанія, Літва, Польшча, Грэцыя, Францыя, Германія, структуры ЕС, НАТА і АБСЕ. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) выказала „сур’ёзную занепакоенасць відавочна вымушанай пасадкай рэйса Ryanair і яго пасажыраў”. Неадкладнага вызвалення Пратасевіча запатрабавалі Украіна, Латвія і Эстонія. Генпракуратура Літвы пачала дасудовае расследаванне „захопу самалёта”.

24 траўня ў Бруселі Еўрапейскі савет абмяркуе наяўную сітуацыю.

belapan.by

Фота eadaily.com