Зварот Івонкі Сурвіллы з нагоды ўгодкаў Слуцкага збройнага чыну
Старшыня Рады БНР павіншавала беларусаў з Днём Герояў, які прыпадае на ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну.
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла сказала:
– Гэтак, як сёння ўкраінскія героі змагаюцца, каб выратаваць свой край ад нападу з Усходу, гэтак і ў 1920 годзе 10 тысячаў Случчакоў узялі зброю ў рукі, каб бараніць ад расейскай навалы Беларускую Народную Рэспубліку.
Ніхто, на жаль, ім не дапамог – не было ў іх нават і зброі для кожнага змагара, але нашыя героі стрымалі ледзь не на месяц бальшавіцкі напад.
Беларусы ва ўсім вольным свеце дасюль адзнаюць гэты гераічны збройны чын сваіх суродзічаў са Случчыны. З удзячнасцю адзначае яго і Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны год у канцы лістапада ўрачыста прыпамінае сваіх герояў і аддае ім павагу.
Ад імя Рады БНР і ад сябе асабіста вітаю ўсіх, каму баліць сэрца па герояў, якія пайшлі паміраць, каб жыла незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. З захапленнем узгадваем вас, дарагія случчакі, і дзякуем вам за вашую мужнасць, ваш гераізм, а перадусім за вашую бязмежную любоў да сваёй зямлі і свайго народу. Жыве Беларусь!
У лістападзе-снежні 1920 году беларусы Случчыны са зброяй у руках выступілі супраць бальшавікоў і паспрабавалі адстаяць беларускую дзяржаўнасць у форме Беларускай Народнай Рэспублікі.
Беларускае Радыё Рацыя