Зварот КХП-БНФ да беларускага народа
Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя – Беларускі Народны Фронт апублікавала зварот да беларускага народа ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі:
БЕРАЖЭМ БЕЛАРУСЬ І БЕЛАРУСКІ НАРОД
Зварот
Паважаныя беларусы, паважаныя выбаршчыкі!
Безадказныя асобы заклікаюць вас ісці галасаваць на фальшывыя выбары. Яны кажуць, што вашае галасаванне забяспечыць невыбранне Лукашэнкі. Але гэта ілюзія і няпраўда.
Фальсіфікацыйная сістэма рэжыму засталася некранутай разам са спадарыняй Ярмошынай і ўсім ілжывым механізмам галасаваньня. Людзям недаступна пракантраляваць фальсіфікацыйную машыну. А гэта азначае, што пры любым раскладзе яна забяспечвае як заўсёды „выбранне” Лукашэнкі.
Гэта стане ўдарам па свядомасці выбаршчыкаў, якім безадказна ўнушылі ілюзіі перамогі на фальшывых выбарах.
Існуючы рэжым у Беларусі і пуцінская Масква падрыхтаваліся да разгрому беларускага грамадства. Повадам для рэпрэсій павінны стаць пратэсты беларусаў пасля аб’яўлення фальшывых вынікаў галасавання. Рэжым падрыхтаваўся да вайны з народам, у якой збіраецца задзейнічаць ахоўныя сілы і войска.
У такой сітуацыі трэба пазбегнуць сутыкнення, правакацыяў і разгрому, каб захаваць народную моц. Пуцінская Масква штурхае рэжым на расправу з народам, бо яе мэта знішчыць беларускія нацыянальныя сілы і падвесіць рэжым Лукашэнкі, каб дыктаваць яму ўмовы аб здачы Беларусі пад маскоўскае кіраванне.
Пратэст павінен мець асэнсаваны, адказны і мірны характар, пагрунтаваны на законнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 гогда, праве народа на свабоду і змену ўлады ў краіне, якая ёсць народнай Айчынай. Трэба пазбегнуць агрэсіі рэжыму, зберагчы сябе і нашу будучыню. Гэты рэжым ужо ня мае перспектывы і не падымецца. А перад беларусамі адчыняецца магчымасць магутнага салідарнага народнага руху, які захавае незалежнасць і прынясе свабоду.
5 жніўня 2020 г.
Кіраўніцтва Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі БНФ:
Зянон Пазьняк, Старшыня
Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў Старшыні ў Беларусі
Сяргей Папкоў, намеснік Старшыні
Уладзімір Раманцоў, намеснік Старшыні