Зварот Мікалая Статкевіча, з якім ён планаваў выступіць на малебне за Курапаты 



7 лютага ў Менску ля Свята-Духава кафедральнага сабору на плошчы Свабоды прайшоў малебен за забітых у Курапатах і ў абарону хрысціянскай веры. Ініцыятара акцыі — лідара Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Мікалая Статкевіча — затрымалі за гадзіну да яго пачатку. Пакуль ягоны лёс невядомы.

Прапануем тэкст звароту Мікалая Статкевіча, з якім ён збіраўся выступіць падчас сённешняга малебну. Зварот быў зачытаны паплечнікамі лідара БНК:

Мы раз’яднаныя. Таму падступны верхавод робіць з намі, што яму заўгодна.

Мы супакойваем сябе, калі працаўнікам плацяць нікчэмныя грошы, на якія немагчыма пражыць – нам жа плацяць больш.

Калі падвышаюць пенсійны ўзрост і амаль не падвышаюць жабрацкія пенсіі – нам жа яшчэ далёка да пенсійнага ўзросту.

Калі абкладваюць паборамі беспрацоўных – у нас жа ёсць афіцыйная праца.

Калі адбіраюць дзяцей з бедных шматдзетных сем’яў (а большасць шматдзетных становяцца беднымі) – у нас жа няма столькі дзяцей.

Калі «праваахоўнікі» здзекуюцца з тых, што патрапілі ў іх рукі – нас жа яшчэ не чапалі.

Калі падчас крыжапаклоннага тыдня Вялікага посту падступны кіраўнік, які (вы заўважылі?) ніколі не хрысціцца ў храмах, апаганьвае галоўны сімвал хрысціянскай веры – мы ж не ходзім у царкву.

Ніхто іншы не прынясе нам вызваленне ад злачынца пры ўладзе, не падорыць нам годнага жыцця – ні Пуцін, ні NATO. Нам давядзецца развязваць гэтае пытанне самім. А для пачатку трэба зразумець – мы адзіны народ. І бяда ў нас агульная – мы трапілі пад уладу злога.

Усе мы браты і сёстры ў гэтай агульнай бядзе. Боль і прыніжэнне кожнага – гэта ўсеагульны боль. І апаганьванне хрысціянскага крыжа – гэта абраза ўсяго нашага народа, нашай памяці, нашых продкаў. Гэта абраза кожнага з нас.

Сёння я прапаную супольную малітву за збавенне ад злога.

Хто не ведае: «… збаў нас ад злога» – гэта заканчэнне Хрыстовай малітвы «Ойча наш».

Калі нас збярэцца дастаткова, малітва абавязкова дапаможа.

Мы – адзін народ. Толькі разам мы зможам вярнуць сабе свабоду і годнасць.

Слава Ісусу Хрысту!

Жыве Беларусь!

Прэс-служба Беларускага Нацыянальнага Кангрэса

Фота: RFE/RL