Зварот супраць спынення дыпламатычных стасункаў з рэжымам Лукашэнкі Украінай
Са зваротам супраць „спынення дыпламатычных стасункаў з рэжымам Лукашэнкі” Украінай выступілі прадстаўнікі нацыянальна-патрыятычных сілаў Беларусі. Дакумент з’явіўся з нагоды намеру ўкраінскай дэпутацкай ініцыятывы Міжфракцыйнага аб’яднання „За дэмакратычную Беларусь”, правесці кампанію і спыніць дыпламатычныя стасункі з Беларуссю.
Кажа Яўген Мурашка, палітычны ўцякач, старшыня Звязу Беларусаў Нямеччыны:
– Растлумачыць палітычнаму ўкраінскаму кіраўніцтву, што яны карыстаюцца аднабокай інфармацыяй, якая недакладна будзе вызначаць палітыку Украіны ў адносінах да Беларусі. Мы ведаем дакладна, гэта даказана, што адбываецца рэйдарскі захоп Беларусі праз штучна створаныя пратэсты, розныя ініцыятывы, якія зараз за мяжой, гэта Ціханоўская і яе каманда, Латушка, Цапкала, Бабарыка – гэта ўсё выканаўцы праекта, напісанага ў Крамлі.
„Беларускі і ўкраінскі народы паасобку не выжывуць падчас ліхіх выпрабаванняў. Гэта найбліжэйшыя народы, – мяркуе Яўген Мурашка. – Толькі ў нашым аб’яднанні – наша моц, толькі разам мы здольныя супрацьстаяць любому агрэсару”.
тэкст звароту:
Шаноўныя народныя дэпутаты Вярхоўнай Рады Украіны.
Мы, прадстаўнікі нацыянальна-патрыятычных сіл Беларусі, з глыбокай трывогай і занепакоенасцю ўспрынялі ініцыятыву Міжфракцыйнага аб’яднання “За дэмакратычную Беларусь”, названую “Аб спыненні дыпламатычных зносін з рэжымам Лукашэнкі”. Праект пастановы сведчыць аб скажоным успрыманні ўкраінскім бокам падзей, якія адбываюцца ў Беларусі.
На працягу ўсяго 2020 года мы імкнемся данесці да палітычнага кіраўніцтва Украіны, што яно знаходзіцца пад уплывам фальшывага асвятлення трагічных падзей у Беларусі. Расейская прапаганда і беларускія калабаранты (у т.л. тыя, якія атабарыліся ва Украіне пад выглядам дэмакратаў і патрыётаў), падаюць гэтыя падзеі як змаганне народу за адхіленне грамадзяніна Лукашэнкі ад улады.
Насамрэч мы маем справу з добра спланаванай аперацыяй Крамля па рэйдарскім захопе Беларусі. Выканаўцамі гэтага злачыннага плана (не толькі для Беларусі, але і для Украіны) з’яўляюцца Ціханоўская, яе штаб, спадары Латушка, Цапкала, якія атрымліваюць падтрымку і спрыянне пэўных палітычных колаў Еўропы ды Украіны, лаяльных пуцінскаму рэжыму.
Робяцца ўсе магчымыя захады дзеля знішчэння эканомікі ды іміджу Беларусі на міжнароднай арэне. Прытым міжнародная супольнасць не абцяжарвае сябе аналізам падзей, якія адбываюцца, кіруецца эмоцыямі ды незразумелымі сімпатыямі да самазванай “лідаршы”, а на справе знаходзіцца пад уздзеяннем лабістаў імперскай Расеі.
У гэтай сітуацыя Беларусь, як дзяржава і народ, апынулася “сам на сам” з імперскай Расеяй.
Лічым непрымальным, каб лёс нашай нацыі вырашаўся за яе межамі, без удзелу прадстаўнікоў нацыянальна-патрыятычных сіл.
Не пераўтварайце Беларусь у аналаг Паўночнай Карэі, бо гэта давядзе беларускае грамадства да жабрацтва. Не адштурхоўвайце ад Украіны беларускі народ, які заўсёды добразычліва ставіўся да народу ўкраінскага, успрымаў вашыя гістарычныя дасягненні ды выпрабаванні як уласныя. Ганіце прэч тых, хто імкнецца нас раз’яднаць і перасварыць. Толькі ў нашым аб’яднанні – наша моц, толькі разам мы здольныя супрацьстаяць любому агрэсару.
А што да рэжыму Лукашэнкі, дык настане і для яго час, каб панесці адказнасць за свае дзеянні (як і для ўсіх тых, хто спрыяе знішчэнню Беларусі).
Лічым неабходным і нават настойваем, каб наш голас быў пачуты ў час разгляду прапановы міжфракцыйнага праекту “Аб спыненні дыпламатычных зносін з Беларуссю”.
Просім даць слова на пасяджэнні ВР для тлумачэння што да сітуацыі вакол Беларусі прадстаўніку нацыянальна-патрыятычных сіл Беларусі
Слава Украіне!
Жыве Беларусь!
З павагай.
Старшыня Звязу Беларусаў Нямеччыны, палітычны ўцякач – Я. Мурашка.
Прафесар медыцыны, прадстаўнік беларускай нацыянальна-дэмакратычнай супольнасці – А.Астроўскі.
Старшыня АК Беларускай партыі Свабода-Самаабарона – С.Высоцкі.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя