Звольнены адзін з кіраўнікоў украінскай выведкі
Пасля шпіёнскага скандалу з Беларуссю ва Украіне звольнены адзін з кіраўнікоў выведкі.
Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка сваім указам звольніў Уладзіміра Сінкевіча з пасады намесніка старшыні Службы замежнай выведкі Украіны. У той жа час, у дакуменце, падпісаным сёння, адсутнічае абгрунтаванне гэтага кадравага рашэння.
Учора КДБ Беларусі заявіў пра выкрыццё “ўкраінскай шпіёнскай сеткі”, працу якой нібыта каардынаваў супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Ігар Скварцоў, які дзейнічаў як супрацоўнік украінскага пасольства. Скварцова абвясцілі “персонай нон-грата”. У гэтай справе таксама арыштаваны карэспандэнт “Украінскага радыё” Павел Шаройка, які цяпер абвінавачваецца ў шпіянажы.