Зяленскі 5 красавіка наведае з афіцыйным візітам Польшчу
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 5 красавіка прыедзе з візітам у Польшчу. Пра гэта ў эфіры RMF FM заявіў кіраўнік бюро міжнароднай палітыкі канцылярыі прэзідэнта Польшчы Марцін Пшыдач.
Зяленскі наведае Польшчу на запрашэнне прэзідэнта краіны Анджэя Дуды. Чакаюцца іх перамовы.
Плануецца, што прэзідэнт Украіны таксама сустрэнецца з украінцамі, якія зараз жывуць у Польшчы, а таксама з палякамі. Мерапрыемства адбудзецца на Замкавым пляцы і Каралеўскім замку ў Варшаве.
Пасля пачатку вайны ў лютым мінулага года Уладзімір Зяленскі здзейсніў візіт у ЗША, а таксама невялікае еўрапейскае турнэ. Пры гэтым абодва разы ён праязджаў праз Польшчу і сустракаўся з Анджэем Дудам, але афіцыйнага візіту ў гэтую краіну яшчэ не было.