Уладзімір Зяленскі: Нельга наладзіць дыялог з людзьмі з дапамогай аўтазакаў і дубінак
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю еўрапейскай рэдакцыі амерыканскага выдання Politico, апублікаваным 6 кастрычніка, асудзіў нежаданне беларускіх уладаў ісці на дыялог з уласным народам.
„Я бачу, што народ Беларусі (дзе пратэсты ўзмацніліся пасля спрэчнага перавыбрання Аляксандра Лукашэнкі ў жніўні) больш не будзе трываць тую палітыку, якая была раней, — сказаў ён. — Уладам трэба прыслухоўвацца да людзей. І, што больш важна, нельга наладзіць дыялог, кідаючы людзей у аўтазакі за тое, што ў іх іншае меркаванне, выкарыстоўваючы дубінкі або спецыяльныя сродкі. Людзей трэба чуць. Калі людзі хочуць перамен, значыць прыйшоў час для перамен”.
Зяленскі адзначыў, што ва Украіне не так даўно адбыліся дзве рэвалюцыі — Аранжавая рэвалюцыя ў 2004—2005 гадах і Рэвалюцыя годнасці дзесяцігоддзем пазней. „Я назіраю там [у Беларусі] прыкладна такую ж сітуацыю”, — адзначыў ён.
„Людзі не хочуць жыць, як раней. Калі няма дыялогу, калі ўлады не жадаюць размаўляць пра гэта з народам і робяць выгляд, што гэта адбываецца „дзесьці, у тым ці іншым месцы, але так не ва ўсёй краіне”, узнімецца хваля. А вы ведаеце, што такое мора — хваля заўсёды змывае ўсё мінулае”, — падкрэсліў украінскі прэзідэнт.
Украіна не прызнала афіцыйныя вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, далучыўшыся да адпаведнай заявы Еўрасаюза. Кіеў паставіў на паўзу афіцыйныя кантакты з Мінскам. Зяленскі заклікаў Лукашэнку правесці новыя выбары.
Міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба на брыфінгу 30 верасня заявіў, што афіцыйны Кіеў будзе называць Лукашэнку па імені і прозвішчы, не ўжываючы фармулёвак „незаконна абраны” або „нелегітымны прэзідэнт”.