Зяленскі: Беларусы бліжэй да ўкраінцаў, чым да расейцаў



Беларусы бліжэй да ўкраінцаў, чым да расейцаў. Такое меркаванне выказаў украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, выступаючы 4 кастрычніка ў Жытоміры на пленарным пасяджэнні II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны.

Зяленскі нагадаў, што перад удзелам у форуме ў яго адбыліся перамовы з беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам. На гэтай сустрэчы, паводле слоў кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, было абмеркавана „вельмі шмат пытанняў”, у тым ліку складаных пытанняў, якія тычыліся „спынення вайны на Данбасе і вяртання тэрыторый” Украіны.

„Я лічу, што Беларусь для нас — гэта вельмі цёплыя людзі, у нас вельмі цёплыя адносіны. Я толькі што падумаў, да каго ўсё ж бліжэй (ні ў якім разе не хачу нікога дзяліць) беларусы — да рускіх або да ўкраінцаў. Потым я зразумеў адказ на гэта пытанне. Адказ у прозвішчах паважаных гасцей з Беларусі”, — сказаў палітык і паказаў на Аляксандра Лукашэнку, форма прозвішча якога тыповая для жыхароў Украіны.

Зяленскі назваў Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны „выдатнай падзеяй у адносінах паміж дзвюма дзяржавамі”. Ён падкрэсліў, што супрацоўніцтва дзвюх краін „было, ёсць і заўсёды будзе паслядоўным і канструктыўным”. Паводле яго слоў, „так і павінна быць паміж сябрамі і найбліжэйшымі суседзямі”.

„Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, я ўдзячны, што наша размова была адкрытай і вельмі змястоўнай. Я ўпэўнены, што такі ж самы дружалюбны і канструктыўны дыялог быў і на сустрэчах нашых дэлегацый”, — сказаў прэзідэнт Украіны, звяртаючыся да беларускага калегі.

Выступленне Зяленскага транслявалася на канале ў YouTube ўкраінскай інфармацыйнай медыяплатформы „НАШ.МАКСІ-ТВ”.

БелаПАН