Зяленскі даручыў сілавікам забяспечыць „безумоўную абарону” беларусам-уцекачам



Кіраўнік украінскай дзяржавы Уладзімір Зяленскі даручыў Службе бяспецы і Міністэрству ўнутраных спраў „вывучыць усе рызыкі і забяспечыць безумоўную абарону для грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія прыбылі ва Украіну на працягу апошняга года і якім могуць пагражаць злачынныя замахі ў сувязі з іх палітычнай ці грамадскай дзейнасцю”, паведаміў офіс прэзідэнта.

„Кожны беларус, які можа стаць мішэнню для злачынцаў у сувязі са сваёй публічнай палітычнай пазіцыяй, павінен атрымаць спецыяльную і надзейную абарону. СБУ і МУС павінны адпрацаваць выразны алгарытм ацэнкі магчымых рызык, а таксама сістэму адказаў на гэтыя рызыкі, каб ліквідаваць любую пагрозу для людзей”, — сказаў Зяленскі.

Паводле інфармацыі Офіса прэзідэнта, складзены спіс беларускіх грамадзян, у дачыненні да якіх ужо пачалі ажыццяўляцца „адпаведныя меры па ацэнцы рызык, дадатковага суправаджэння іх знаходжання” ва Украіне і аховы.

„Гэтае рашэнне прынятае ў сувязі з атрыманнем праваахоўнымі органамі інфармацыі аб магчымых пагрозах для шэрагу беларускіх актывістаў, а таксама ў сувязі з трагічнай гібеллю Віталя Шышова — палітычнага актывіста з Беларусі, які пражываў на тэрыторыі Украіны. Крымінальная вытворчасць распачатая па артыкуле 115 ККУ (наўмыснае забойства. — БелаПАН.) „, — адзначаецца ў паведамленні.

Зяленскі „чакае ўсебаковага расследавання ўсіх абставінаў гібелі Віталя Шышова, хуткай і поўнай праверкі інфармацыі, а таксама рэгулярнага і дастатковага інфармавання грамадскасці прадстаўнікамі Нацыянальнай паліцыі аб прагрэсе следчых у гэтай справе”.

26-гадовы дырэктар Беларускага дома ва Украіне Віталь Шышоў быў знойдзены раніцай 3 жніўня павешаным у адным з кіеўскіх паркаў. Напярэдадні ён адправіўся на прабежку і знік.

22 жніўня мінулага года ў менскім лесапарку быў знойдзены павешаным 28-гадовы Мікіта Крыўцоў — футбольны фанат з Маладэчна, які ўдзельнічаў у пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

belapan.by