Зяленскі і Шольц агучылі ўмову для мірных перамоваў Украіны з Расеяй
Канцлер Нямеччыны Олаф Шольц і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 17 траўня па тэлефоне сярод іншага абмеркавалі ваенную і гуманітарную сітуацыю ва Украіне.

Олаф Шольц і Уладзімір Зяленскі зазначылі, што дыпламатычнае ўрэгуляванне магчымае толькі пасля вываду расейскіх войскаў з Украіны.
«Яны прыйшлі да высновы, што дыпламатычнае ўрэгуляванне канфлікту шляхам перамоваў паміж Украінай і Расеяй запатрабуе неадкладнага спынення баявых дзеянняў з боку Расеі і вываду расейскіх войскаў з Украіны», – заявіў афіцыйны прадстаўнік урада Нямеччыны Штэфэн Гэбэштрайт.
Зяленскі назваў перамовы з Шольцам «плённымі».
«Абмеркавалі сітуацыю на фронце, працяг ціску на Расею, узмацненне жорсткасці санкцый, перспектывы дасягнення міру. Цэнім падтрымку Нямеччыны, у тым ліку абаронную. Разлічваем на далейшае садзейнічанне Нямеччыны на шляху Украіны да паўнапраўнага сяброўства ў ЕЗ», – напісаў прэзідэнт Украіны ў твітары.
Беларускае Радыё Рацыя
