Зяленскі не выключае расейскай ваеннай агрэсіі з боку Беларусі



Абвастрэнне сітуацыі з Расеяй магчымае ў любы момант да канца верасня. Такое меркаванне выказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв’ю нямецкаму выданню Frankfurter Allgemeine Zeitung (пераклад інтэрв’ю 1 чэрвеня апублікаваны на сайце кіраўніка ўкраінскай дзяржавы).

Гаворачы пра канцэнтрацыю расейскіх войскаў вакол Украіны, Зяленскі заявіў, што ў розныя перыяды ўздоўж мяжы з Расеяй налічвалася 50-80 тысячы ваенных, на тэрыторыі Крыма — да 35 тысяч, на непадкантрольных тэрыторыях усходу краіны — да 35 тысяч з ліку сепаратыстаў і каля 3 тысяч кадравых расейскіх афіцэраў.

„Калі Еўропа і ЗША пачалі ціснуць на Расею (мы заклікалі да гэтага), з-за гэтага сумеснага націску верагоднасць эскалацыі знізілася, — сказаў ён. — З тэрыторыі Крыма сышлі прыкладна 3,5 тысячы вайскоўцаў. Усе астатнія застаюцца, уся тэхніка на 90% — на месцы. Таму маё бачанне, што эскалацыя магчымая ў любы момант да канца верасня, скажам, дакладна да 12—16 верасня. Мы ведаем, што [у гэты перыяд] будуць [беларуска-расейскія] вучэнні „Захад-2021″. Таму лічу, што да гэтага перыяду сітуацыя вельмі небяспечная”.

На пытанне, якой небяспекі чакаюць ва Украіне, Зяленскі адказаў, што „ёсць шмат вайсковых варыянтаў, магчымых з боку РФ, у тым ліку марскія аперацыі”. „Мы вельмі занепакоеныя гэтым, і цяпер ажыццяўляецца блакаванне Азова-Чарнаморскага рэгіёна расейскімі караблямі, — адзначыў ён. — Яны кантралююць гэта, нягледзячы на міжнароднае права, парушаючы яго. <…> Можа быць эскалацыя з боку акупаванага Данбаса, мы гэта выдатна разумеем. Вялікі скачок, бліцкрыг да межаў Данецкай і Луганскай абласцей. Мы разглядаем гэта і рыхтуемся да такіх крокаў”.

„Але могуць быць, скажам так, „сюрпрызы” і з іншага боку: зараз вельмі небяспечная сітуацыя ў Беларусі. Гэта нашы паўночныя межы. І мы разумеем, што Расея і Беларусь пастаянна разглядаюць і дамаўляюцца пра важнае геапалітычнае і, верагодна, абароннае пагадненне. Пасля гэтага можа паўстаць сапраўды сур’ёзны ўплыў Расеі і сур’ёзная каардынацыя і кантроль беларускіх узброеных сілаў. Тады мы можам разглядаць рызыку і з таго боку. Мы не ведаем дэталяў гэтай дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы [Беларусі і Расеі]”, — дадаў прэзідэнт Украіны.

Беларуска-расейскія вучэнні „Захад-2021” плануецца правесці 10—16 верасня на тэрыторыі дзвюх краін. У аснову манеўраў, паводле інфармацыі Мінабароны, пакладзены „адзін з варыянтаў паэтапнай эскалацыі ваенна-палітычнага становішча вакол умоўных краін”.

У час вучэнняў прадугледжваецца „апрабаваць новыя спосабы сумесных дзеянняў зводных штурмавых падраздзяленняў на высока урбанізаванай мясцовасці; ацаніць эфектыўнасць новых і мадэрнізаваных узораў узбраення і ваеннай тэхнікі; пераняць вялікі баявой вопыт расійскіх афіцэраў і, выкарыстоўваючы яго, далей удасканальваць формы і спосабы прымянення войскаў”.

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі і Служба разведкі і бяспекі пры Міністэрстве нацыянальнай абароны Літвы ў сумесным дакладзе „Ацэнкі пагроз нацыянальнай бяспекі — 2021” згадваюць вучэнні „Захад” у кантэксце таго, што ваенная актыўнасць Расеі ля межаў Літвы і іншых краін НАТА ў 2021 годзе „яшчэ больш інтэнсіфікуецца”. Літоўскія спецслужбы падкрэслілі, што „ваенная актыўнасць у прымежнай зоне павялічвае рызыку непажаданых інцыдэнтаў”.

Апошні раз сумесныя стратэгічныя вучэнні „Захад” праводзілі ў верасні 2017 года на тэрыторыі Беларусі і заходніх абласцей Расіі. У манеўрах удзельнічала каля 13 тысяч вайскоўцаў.

belapan.by