Зяленскі падпісаў указ аб аказанні Літве гуманітарнай дапамогі



Указ аб аказанні Літве гуманітарнай дапамогі калючым дротам для ўмацавання мяжы з Беларуссю падпісаў 2 жніўня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

У прэамбуле дакумента, апублікаванага на сайце ўкраінскага лідара, гаворыцца пра „садзейнічанне пераадоленню наступстваў надзвычайнай сітуацыі, якая склалася ў Літоўскай Рэспубліцы ў сувязі з імклівым павелічэннем колькасці нелегальных мігрантаў”.

Праект указа, падрыхтаванага па даручэнні прэм’ер-міністра Дзяніса Шмыгаля, быў ухвалены 28 ліпеня на пасяджэнні Кабінета міністраў Украіны.

„Гэты акт распрацаваны ў сувязі з крытычнай сітуацыяй, якая склалася на мяжы Літвы з Беларуссю, і адпаведным зваротам літоўскага боку аб аказанні яму падтрымкі”, — сказаў міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба, які прадстаўляў дакумент.

Ён адзначыў, што ў гэтым годзе на мяжы „крытычна ўзрасла колькасць мігрантаў, якія трапляюць з тэрыторыі Беларусі на тэрыторыю Літвы”. „І ў сувязі з гэтым літоўскі бок, адчуваючы недахоп тэхнічных сродкаў абсталявання мяжы, звярнуўся да Украіны з просьбай аказаць гуманітарную дапамогу ў выглядзе адпаведнага калючага дроту для ўзмацнення мяжы”, — заявіў Кулеба і папрасіў урад падтрымаць указ, паколькі Літва — „важны сябар” Украіны і заўсёды падтрымлівае яе ў крытычных сітуацыях.

Літва сутыкнулася з дэфіцытам калючага дроту пры абсталяванні дадатковай абароны мяжы ад нелегальных мігрантаў: на складах яе апынулася ўсяго 4,5 км, тады як працягласць літоўска-беларускага ўчастка мяжы складае 679 км. Эстонія абяцала паставіць 100 км дроту.

belapan.by