Зяленскі прапанаваў Пуціну сустрэчу ў Менску з удзелам заходніх лідараў
Уладзімір Зяленскі прапануе расейскаму калегу Уладзіміру Пуціну правесці сустрэчу ў Менску з удзелам кіраўнікоў ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі і Францыі. Відэазварот Зяленскага апублікаваны 8 ліпеня на афіцыйным сайце прэзідэнта Украіны.
Фота Хвиля
„Трэба пагаварыць? Трэба. Давайце. Абмяркуем, чый Крым і каго няма на Данбасе, — сказаў Зяленскі. — Кампанію для размовы прапаную наступную: я, вы, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, прэм`ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон”.
„Месца? Думаю, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з задавальненнем прыме нас у Менску. Мы не мяняем і не адмаўляемся ні ад якіх дыпламатычных фарматаў. Мы прапануем пагаварыць”, — дадаў Зяленскі.
У сваім відэазвароце Зяленскі згадвае анансаваны напярэдадні прамы тэлемост паміж украінскім тэлеканалам NewsOne і каналам „Россия 1”. „Анансаваны тэлемост — гэта проста танны, але небяспечны піяр-ход перад выбарамі, мэта якога — зноў раздзяліць нас, украінцаў, на два лагеры. Цяпер вамі маніпулююць палітыкі, якія вельмі хочуць трапіць у парламент”, — заявіў Зяленскі.
Сітуацыя ва Украіне абмяркоўвалася 17 чэрвеня падчас візіту прэзідэнта Украіны ў Парыж. Пасля перамоў з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам Зяленскі заявіў: „Украінскі народ даверыў мне пошук складаных кампрамісаў у Менску, у мінскім перамоўным працэсе. Завяршэнне вайны і вяртанне анексаваных украінскіх тэрыторый — гэта мая галоўная задача. Але я разумею, што немагчыма ўсталяваць мір ваенным шляхам. Ён будзе мець занадта высокую цану: тысячы чалавечых жыццяў. Адзіны ключ да міру — гэта дыпламатычны і санкцыйны націск, таму я прашу яго захаваць”.
„Перакананы, што Еўропа не зможа адчуваць сябе ў поўнай бяспецы, пакуль Расея робіць выгляд, што міжнароднага права проста не існуе… Ніхто не хоча, каб Украіна заставалася парахавой бочкай, дзе Крым і Данбас — бікфордаў шнур”, — дадаў украінскі лідар.
Перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў „нармандскім фармаце” на вышэйшым узроўні прайшлі ў Менску 11-12 лютага 2015 года. У той сустрэчы ўдзельнічалі прэзідэнты Украіны Пётр Парашэнка, Расеі Уладзімір Пуцін, Францыі Франсуа Аланд і канцлер ФРГ Ангела Меркель.
belapan.by