Зяленскі: Справа Шарамета — адказнасць міністра ўнутраных спраў Авакава
Калі па справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета сядзяць невінаватыя, будуць зробленыя кадравыя высновы, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 20 мая ў Кіеве на прэс-канферэнцыі з нагоды першай гадавіны сваёй працы на пасадзе кіраўніка дзяржавы.
Паводле слоў Зяленскага, справа Шарамета — адказнасць міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава, які павінен давесці яе да канца, каб былі пакараныя тыя, хто сапраўды ўчыніў забойства. „Адназначная яна (справа. — БелаПАН.) ці не, я таксама не ведаю. Мяне запрасілі — я прыйшоў (12 снежня 2019 года на прэс-канферэнцыю кіраўнікоў МУС і генеральнага пракурора, дзе было абвешчана аб трох падазраваных. — БелаПАН.). Таму што я хачу быць запрошаным на ўсе гучныя справы… На ўсе рэзанансныя справы, на якія будуць запрашаць прэзідэнта, якія будуць чакаць маёй падтрымкі, я буду прыходзіць. Але суд павінен разабрацца. Цяпер гэтую справу вядзе і адказвае міністр унутраных спраў Арсен Авакаў. Ён гэта ведае. Гэта сапраўды яго справа. І ён адказны за вынік гэтай справы”, — сказаў Зяленскі.
Калі следства або суд дакажуць, што падазраваныя сапраўды вінаватыя, яны сядуць у турму, калі не — панясуць адказнасць людзі, якія давялі гэтую справу да суда і абвінавацілі невінаватых, дадаў ён. „З усімі гэтымі справамі мы дакладна разбяромся”, — заявіў прэзідэнт.
Зяленскі падкрэсліў, што гатовы несці любую адказнасць, але не за ход следства і за падазрэнні, выстаўленыя супраць трох верагодных злачынцаў, тым больш СМІ, адзначыў ён, паказваюць на тое, што прэзідэнт не мае права ўплываць на праваахоўныя органы і суд. „Мая галоўная адказнасць: мы хочам, каб забойцы Шарамета былі знойдзеныя і селі за краты”, — сказаў украінскі кіраўнік.
„Я гатовы несці адказнасць, калі следства вялося няправільна, калі там былі вялікія памылкі, калі, не дай бог, не хачу пра гэта думаць, было спецыяльна нешта накіраванае супраць тых людзей. Я гатовы рабіць сур’ёзныя кадравыя высновы. І гэтага не пазбегнуць — там, дзе я магу ўплываць”, — заявіў Зяленскі.
„У мяне ёсць проста чалавечая адказнасць, — адзначыў ён. — Мне сказалі, што знайшлі магчымых забойцаў, зацягнулі мяне ў гэта (на прэс-канферэнцыю. — БелаПАН.) — так і ёсць, нічога страшнага, я нічога не баюся. Мне сапраўды цікава: знайшлі магчымых забойцаў. Я прыйшоў, паказалі матэрыялы. Але гэта следства, а рашэнне за судом”.
„Калі знайшлі не тых людзей і пратрымалі іх у турме, то адносна ўсіх, хто гэта зрабіў, павінна быць кадравае рашэнне аб замене. Яны панясуць адказнасць. Прэзідэнт — гарант правоў і свабод усіх грамадзян Украіны”, — падкрэсліў Зяленскі.
Ураджэнец Беларусі Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня 2016 года ў выніку выбуху аўтамашыны ў цэнтры Кіева, дзе ён працаваў выканаўчым дырэктарам „Украінскай праўды” і вядучым радыёстанцыі „Вести”.
На снежаньскай прэс-канферэнцыі ў МУС Украіны падазраванымі былі названыя вайсковец сіл спецыяльных аперацый вакаліст гурту Riffmaster Андрэй Антоненка, ваенны медык, хірург у кіеўскай дзіцячай бальніцы „Ахматдзет” Юлія Кузьменка. Яны, згодна з версіяй следства, заклалі ўзрыўчатку пад машыну, якой карыстаўся Шарамет. Трэці падазраваны — таксама былая ваеннаслужачая Яна Дугар (вяла разведку ў раёне, дзе быў узарваны аўтамабіль). Антоненка і Кузьменка знаходзяцца ў СІЗА, Дугар — пад дамашнім арыштам.
Фота: ОП