Зяленскі сустрэнецца з Лукашэнкам у Жытоміры



Сустрэча Уладзіміра Зяленскага з Аляксандрам Лукашэнкам у Жытоміры ў межах II Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі адбудзецца 4 кастрычніка, паведаміў Офіс прэзідэнта Украіны.

„Падчас запланаваных перамоў кіраўнікоў дзяржаў будзе абмеркаванае шырокае кола актуальных пытанняў украінска-беларускага супрацоўніцтва. У рамках форуму плануецца падпісанне шэрагу двухбаковых дакументаў аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі Украіны і Беларусі”, — адзначаецца ў рэлізе.

Гэта будзе першая сустрэча Зяленскага і Лукашэнкі пасля абрання ўкраінскага шоўмена і прадзюсара на пасаду прэзідэнта ў красавіку гэтага года.

26 верасня на сустрэчы з прадстаўнікамі ўкраінскіх СМІ ў Менску беларускі кіраўнік заявіў пра наяўнасць праблем у адносінах з Кіевам. „Дзякуй Богу, вось за гэты кароткі перыяд знаходжання ва ўладзе новага прэзідэнта мы неяк рухаемся, абмяркоўваем нават тыя негатыўныя моманты, якія маглі б наступіць. Яны не наступілі дзякуючы адной тэлефоннай размове двух прэзідэнтаў. Гэта абнадзейвае. Тое, што я гадамі не мог, дамовіўшыся з ранейшым прэзідэнтам, вырашыць, я спадзяюся, што мы здолеем вырашыць гэтыя праблемы”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гаворка, у прыватнасці, ідзе аб сумесных праектах, уключаючы ракетабудаванне і паляпшэнне суднаходства па Дняпры, а таксама аб абмене арыштаваных за шпіянаж украінскага журналіста Паўла Шаройкі і беларускага грамадзяніна Юрыя Палітыкі.

Праграма форуму прадугледжвае пленарнае пасяджэнне з удзелам Зяленскага і Лукашэнкі (4 кастрычніка ад 10-й да 15-й гадзіны ў Жытомірскім абласным украінскім музычна-драматычным тэатры імя Івана Качаргі), панэльныя дыскусіі, канферэнцыі, бізнес-перамовы і нефармальныя зносіны. Будуць працаваць выставы буйнагабарытнай тэхнікі, высокіх тэхналогій, стартапаў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і кірмаш.

Першы форум адбыўся 25—26 кастрычніка ў Гомелі з удзелам Лукашэнкі і папярэдняга прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.

belapan.by

Фота © president.gov.ua