Зяленскі: У Беларусі можа здарыцца нешта накшталт Майдана, калі ўлады не пойдуць на дыялог



У Беларусі можа здарыцца „нешта накшталт Майдана”, калі ўлады не пойдуць на дыялог. Такое меркаванне выказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў інтэрв`ю газеце Wiener Zeitung напярэдадні свайго візіту ў Аўстрыю.

Зяленскі не змог адказаць на пытанне, ці можа Беларусь стаць наступным пасля Украіны полем бітвы паміж Захадам і Расіяй. „Але я ў любым выпадку падтрымліваю беларускі народ. Людзі змагаюцца за свабоду і дэмакратыю, прычым без агрэсіі і гвалту. Ніхто не кідае камяні, ніхто не падпальвае будынкаў. З многімі дэманстрантамі абыходзяцца брутальна. Для мяне важна, каб не было крывавай лазні. Калі дзяржава адмовіцца весці дыялог з народам, Беларусь можа атрымаць нешта накшталт Майдана. Праўда, я пакуль не бачу — хоць я не эксперт па Беларусі — сімвалічнага лідара, вакол якога людзі маглі б аб`яднацца”, — сказаў украінскі кіраўнік.

У любым выпадку важна, каб беларусы самі вызначалі сваю будучыню, ніякая дзяржава не мае права ўмешвацца ва ўнутраныя справы іншай краіны, падкрэсліў ён.

Прэзідэнт Украіны сказаў, што пакуль не ведае, ці зможа Мінск і далей быць перамоўнай пляцоўкай паміж Кіевам і Масквой у вырашэнні канфлікту на Данбасе. „Думаю, правільна будзе пачакаць стабілізацыі сітуацыі ў Беларусі. Падчас каранакрызіса мы працягвалі мінскія перамовы ў анлайн-фармаце. І трохбаковая кантактная група таксама сустракаецца ў інтэрнэце, што таксама добра. Прынамсі, з беларускім народам мы заўсёды падтрымлівалі сяброўскія адносіны. Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, а народ застаецца”, — адзначыў Зяленскі.

Раней ён выказаўся за правядзенне ў Беларусі паўторных прэзідэнцкіх выбараў. Афіцыйны Кіеў далучыўся да негатыўнай ацэнкі, якую даў Еўрасаюз гэтай электаральнай кампаніі.

belapan.by