Зяленскі выказаўся пра этапы перамогі



Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адказаў, як перамагчы Расею на полі бою, параўнаўшы яе з пірагом, які цяжка цалкам праглынуць: „Трэба падзяліць вайну на кавалачкі, і гэта перамогі, адна за адной, часам паралельныя”.

Пры гэтым Зяленскі зазначыў, што перамога для ўкраінцаў – гэта тэрыторыі.

Тым часам, акупанты дамагліся некаторых поспехаў у  Бахмуце. У прыватнасці, відэазапісы з геолакацыяй паказалі абмежаванае прасоўванне расейцаў у паўднёва-заходняй і паўночна-заходняй частках горада. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.

Па некаторых дадзеных акупанты захапілі медычны каледж у цэнтры Бахмута і  індустрыяльны каледж у паўднёвай частцы горада, а таксама праводзілі наземныя напады ля дарогі праз Хромава.

У Палку Каліноўскага, у складзе якога на баку Украіны змагаюцца беларускія добраахвотнікі, адкрыта вакансія для аўтамеханікаў.  Цытата з абвесткі: «Нашы машыны павінны ездзіць і выцягваць хлопцаў з гарачых кропак. Нам не патрэбны супер-майстры. Нам патрэбны кампетэнтныя механікі, якія разумеюць што яны робяць».

Аўтамеханіку гарантуюць заробак ад 1000$, харчаванне і жыллё далёка ад зоны баявых дзеянняў. Майстра забяспечаць інструментамі, запчасткамі і расходнікамі.

Беларускае Радыё Рацыя