Зяленскі звярнуўся да краін былога СССР: Паглядзіце на нас — усё магчымае
Пераможца прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне Уладзімір Зяленскі паставіў сваю краіну ў прыклад іншым дзяржавам былога СССР.
„Пакуль я яшчэ афіцыйна не прэзідэнт, я магу сказаць як грамадзянін Украіны ўсім краінам постсавецкага саюза: паглядзіце на нас — усё магчымае”, — сказаў Зяленскі ў завяршэнне сваёй першай прамовы пасля апублікавання вынікаў экзітполаў увечары 21 красавіка.
У лютым Зяленскі ў інтэрв’ю свайму Youtube-каналу „Зе!Президент” заявіў, што прагназуе амаладжэнне палітычных элітаў у краінах-суседзях. „Я думаю, што тэндэнцыя і трэнд гэты будзе ва Украіне, і вось у мяне такое адчуванне — давай запомнім гэты момант у жыцці, мы гаварылі пра гэта на лавачцы на Ланжэрону ў Адэсе — я думаю, што тэндэнцыя спрацуе ў блізкіх Украіне тэрытарыяльна і гістарычна дзяржавах”, — сказаў Зяленскі. „Я думаю, што нас чакаюць цікавыя падзеі ў былых краінах СНД… Гэта нейкая змена агульнага стаўлення да будаўніцтва дзяржавы, будзе іншае кіраванне дзяржавай. Маладыя, моцныя будуць клапаціцца… Змена будзе каласальная. Мы ведаем, як мы хочам памяняць, і вам ўсім спадабаецца”, — падкрэсліў кандыдат.
Паводле яго слоў, вельмі моцна перабольшаная каштоўнасць людзей, якія прыраслі каранямі да ўлады і спрабуюць нікуды яе не адпускаць.
Тады ў Адэсе на сустрэчы Зяленскага з удзельнікамі фестывалю ўкраінскай Лігі смеху закраналася тэма ад’езду моладзі з былых рэспублік СССР. Кандыдат у прэзідэнты пагадзіўся з меркаваннем менчука Антона Самусіка, што з Беларусі ва Украіну маладыя людзі масава едуць за адчуваннем свабоды пры супастаўным узроўні зарплат.
Згодна са звесткамі Нацыянальнага экзітпола, праведзенага фондам „Дэмакратычныя ініцыятывы”, Кіеўскім міжнародным інстытутам сацыялогіі і Цэнтрам Разумкова, у другім туры выбараў Зяленскі набраў 73,2% галасоў, яго канкурэнт, 53-гадовы кіраўнік дзяржавы Пётр Парашэнка, — 25,3%.
Фота: delo.ua